Аранжавы ровень небяспекі



Зборная Нідэрляндаў з вялікімі прыгодамі, патрапаўшы нервы сваім заўзятарам, усё ж у серыі 11-мятровых заслужана адолела дружыну Коста-Рыкі і выйшла ў паўфінал, дзе сустрэнецца з Аргенцінай.

Рыба, выкінутая на бераг

Бельгійцы ў спатканні з аргенцінцамі на стадыёне “Манэ Гарынча”, асабліва ў першым тайме нагадвалі рыбаў, выкінутых на бераг. Каманда была проста непазнавальнай і амаль не імкнулася ў атаку. “Альбіселестэ” ж хутка дамагліся поспеху – ужо на 8-й хвіліне Гансала Ігуаін падпільнаваў адскок мяча і з лёту даслаў яго ў ніжні кут брамы суперніка. Гэта быў, зважаючы на 4 галы на мінулым чэмпіянаце, ужо 5-ы мяч форварда. Ліанэль Месі 7 матчаў да гэтага на клубным роўні ў Гішпаніі не забіваў Ціба Куртуа. Не прабіў бельгійца ён і зараз, але гэтагага ўрэшце і не спатрэбілася. Яшчэ да перапынку паўднёваамерыканцы страцілі Анхеля Дзі Марыю, які надарваў цягліцу. Перад самым антрактам бельгійскі інтэрнацыянал зладзіў адзіную вострую камбінацыю, але Кевін Міральяс к падзенні прабіў галавой крыху міма. У другой палове той жа Ігуаін не рэалізаваў выхад сам на сам, бухнуўшы мячом у каркас брамы, замест таго каб спакойна пакаціць мячык міма брамніка. Марк Вільматс адчайна спрабаваў зрабіць карэктывы ў малюнку дзеянняў еўрапейцаў. Але ягоны прагматычны візаві Алехандра Сабелья сваімі заменамі ў адказ упэўнена “разменьваў фігуры”. А ўжо калі бельгійцы пайшлі ва-банк папоўніць свой рахунак мог Месі, які ў гэты дзень страціў звычайную вынаходлівасць – дуэль зноў выйграў Куртуа. А запозненую пагрозу бельгійцаў нейтралізаваў абаронец Эзэкіль Гарай.

¼ фіналу. Аргеніціна – Бельгія – 1:0. Гол: Гансала Ігуаін, 8.

Лепшыя гульцы сустрэчы Гансала Ігуаін і Цібо Куртуа.

Аранжавы ровень небяспекі

Галяндцы ледзь не давялі сваіх прыхільнікаў да інфаркту. Аранжавыя мелі вялізную перавагу, асабліва ў другім тайме і ўжо ў дадатковы час, дзеілі настойліва і вынаходліва. Але так і не змаглі прабіць сцяну ў асобе брамніка Кейлара Наваса. Некалькі разоў мяч трапляў у штангу і папярэчыну. Ірваў часам на шматкі ўпартых дэфендэраў Ар’ен Робэн. На адным нападніку “Баварыі” костарыканцы зарабілі ажно 4 жоўтыя карткі. Цэліў у бліжны кут вундэркінд Мемфіс Дэпай. Расцягваў рэдуты суперніка Дзірк Каўт, неаднойчы страляў Уэслі Снайдэр, падносілі снарады “чорнарабочыя” галяндцаў. Але мяч упарта не залятаў у сетку. Аднойчы ён паздзекаваўся з “аранье” з асаблівым цынізмам, пракаціўшыся па Ельцыну Тэхеду і абабіўшы папярэчыну. Сваё далейшае знаходжанне на мундыялі еўрапейцы і лёс давялі да аранжавага роўню небяспекі. Адзін шанец смяртэльна ўджаліць суперніка мелі і астравіцяне – але галкіпер Яспер Сілесен паспеў выратавальна парыраваць “бразуку” нагой. Фінальны свісток заспеў няўдачлівых галяндцаў у марных спробах расчараваць браму

Але на пасляматчавую “латарэю” Луіс ван Гал выпусціў галкіпера Ціма Крула, які ўгадаў кірунак стрэлаў усіх 5 удараў астравіцянаў і два з іх здолеў адбіць.

¼ фіналу. Нідэрлянды – Коста-Рыка – 0:0, па пенальці – 4:3. Пенальці забілі: Робін ван Персі, Ар’ен Робэн, Уэслі Снайдэр, Дзірк Каўт; Сельса Борхес, Джанкарла Гансалес, Крысціян Баланьёс. Не забілі: Браян Руіс і Майкл Уманья.

Лепшыя гульцы сустрэчы Ар’ен Робэн і Кейлар Навас.

Уладзімір Хільмановіч/Uladzimir Khilmanovich, Беларускае Радыё Рацыя