Аргенціна ўсё ж выйшла ў 1/8-ю фіналу



У аўторак, 26 чэрвеня, на чэмпіянаце свету па футболе вызначыліся яшчэ два ўдзельнікі плэй-оф. Імі сталі каманды Даніі і Аргенціны.

Французы, якія датэрмінова здабылі квіток у 1/8-ю фіналу дазволілі сабе выставіць па-сутнасці рэзервовы склад. З усіх ліній Дзідзье Дэшам пакінуў нязменным толькі дуэт форвардаў Аліўе Жыру-Антуан Грызман. Данія таксама асабліва не “біла ў хамут”, зважаючы на развіццё падзей у паралельным матчы. Першы тайм выдаўся на рэдкасць бляклым. Мала характар гульні змяніўся і пасля адпачынку. “Трохкаляровыя” не хацелі, а скандынавы не маглі. Сумная і нудная гульня завяршылася першай на турніры “нулёўкай”. Такім чынам серыя з 37 запар выніковых матчаў перапынілася. Затое працягваецца дацкі серыял без паразаў – 18 апошніх сустрэч скандынавы не саступаюць нікому.

Данія – Францыя – 0:0

У гэты дзень Аўстралія, для захавання шанцаў  на 2-е месца, абавязана была перамагаць няўдачлівых раней перуанцаў. Лік, аднак, адкрылі менавіта “інкі” – на 18-й хвіліне 18-ы нумар гэтай дружыны Андрэ Карыльё аформіў на сябе першы гол Перу на мундыялях з 1982 года. Ну а калі неўзабаве пасля перапынку забіў лідар атакі паўднёваамерыканцаў Паола Герэра, шанцы прадстаўнікоў Зялёнага кантыненту расталі як ранішні туман. Варта яшчэ згадаць выхад на поле легендарнага Ціма Кэхіла, які выступіў ужо на 4-м для сябе першынстве. Праўда, забіць аўстралійскаму рэкардсмену на гэты раз не ўдалося.

Аўстралія – Перу – 0:2 (Карыльё, 18, Герэра, 50)

Выніковае становішча ў групе “С”: 1. Францыя – 7 ачкоў, 2. Данія – 5, 3. Перу – 3, 4. Аўстралія – 1.

Позна ўвечары правялі свае заключныя матчы папярэдняга раўнду зборныя квартэту “D”.

Балканцы і астравіцяне ведаюць адзін аднаго як аблупленых яшчэ па групавым спаборы. Ісляндыі патрэбна было здабываць тры ачкі, харваты спакойна маглі сабе выпусціць на поле дублёраў. Што і зрабіў іх рулявы Златка Даліч, выправіўшы ў аснове толькі капітана Луку Модрыча. Упэўненыя “шашачныя” маглі дазволіць сабе такую разняволенасць. “Вікінгі” спярша гулялі па сітуацыі ў паралельным матчы, але пасля перапынку яны пайшлі на штурм. Харваты лавілі супернікаў на контрвыпадах. На 53-й хвіліне свой першы мяч на мундыялі эфектна забіў Мілан Бадэль. Ісляндцы пасля здабытага пенальці параўнялі лік на табло. Ім пазарэз патрэбен быў яшчэ адзін гол, але ўсё скончылася сумна – Іван Перышыч сваім голам пахаваў рэальныя надзеі мужнай дружыны. Ісляндцы ў выніку занялі апошняе месца ў групе, але іх прысутнасць на форуме ўпрыгожыла турнір. Ну а заўзятарам “вікінгаў” ужо можна аддаць прыз за першае месца на чэмпіянаце.

Ісляндыя – Хартватыя – 1:2 (Г. Сігурдсан, 76, з пенальці; Бадэль, 53, Перышыч, 90)

Супраць лёсу і статыстыкі не папрэш. 5-ы раз фатум зводзіць дружыны Аргенціны і Нігерыі на мундыялях. І нязменна з мінімальнай перавагай верх бярэ “сярэбраная” краіна. На гэта раз “альбіселестэ” літаральна віселі на валаску. Ліанэль Месі адчайна, як і ў адборы, цягнуў аргенцінскага бегемота з балота. Менавіта ён нарэшце адзначыўся голавым шэдэўрам на 14-й хвіліне (яго 6-ы мяч на чэмпіянатах). Але развіць поспех камандзе, якая па некаторых звестках на гэты раз сама выбірала асноўны склад без нягеглага трэнера Сампаолі, ніяк не ўдавалася. Больш таго – у пачатку другога тайма турэцкі арбітр Джунейт Чакыр паставіў у браму новага аргенцінскага брамніка Франка Армані досыць сумнеўны пенальці. Галкіпер плюхнуўся як мяшок, а нігерыец Віктар Мозэс спакойна закаціў мяч па прызначэнні, выканаўшы некалькі кульбітаў. На трыбунах заўзятары аргенцінцаў на чале з Марадонам выглядалі нібы мыла з’еўшы. Шчасце для іх, аднак, у самым эндшпілі прыйшло адкуль не чакалі – Габрыэль Меркадо выканаў крос у штрафную, а іншы абаронец Маркас Роха неадхільна прабіў.

Нігерыя – Аргенціна – 1:2 (Мозэс, 51, з пенальці; Месі, 14, Роха, 86).

Выніковае становішча ў групе “D”: 1. Харватыя – 9 ачкоў, 2. Аргенціна – 4, 3. Нігерыя – 3, 4. Ісляндыя – 1.  

27 чэрвеня вызначацца яшчэ чатыры ўдзельнікі 1/8-й фіналу – іх туды дэлегуюць групы “Е” і “F”. А 17-й гадзіне пачнуць паралельныя матчы Паўднёвая Карэя – Германія і Мексіка – Швецыя. Сітуацыя ў гэтым квартэце склалася проста тэрмаядравая. Нават карэйцы пры пэўных абставінах могуць сенсацыйна скокнуць уверх. Найлепшая дыспазіцыя ў мексіканцаў, якія ўжо маюць 6 ачкоў і якіх задаволіць нічыя. А вось усім іншым патрэбная вікторыя. У немцаў кадравыя страты – ключавы абаронец Жэром Баэтэнг дыскваліфікаваны, а хаўбек Себасцьян Рудзі шпіталізаваны з траўмай носа. На чэмпіянатах свету тэўтонцы двойчы гулялі з карэйцамі і двойчы перамагалі мінімальна. Зараз такога можа і не хапіць.

У 21.00 на розных стадыёнах у Маскве і Ніжнім Ноўгарадзе зыдуцца адпаведна Сербія – Бразілія і Швайцарыя – Коста-Рыка. Прасцей тут “крыжакам”, якім будуць супрацьстаяць не асабліва матываваныя цэнтральнаамерыканцы. Бразіліі для агульнага поспеху гарантавана дастаткова нічыі ў паядынку з сербамі.

Ужо сфармаваныя наступныя пары ўдзельнікаў 1/8 фіналу: Уругвай – Партугалія, Францыя – Аргенціна, Іспанія – Расея, Харватыя – Данія.

Беларускае Радыё Рацыя