Арман-Маршал Сіла стаў трохразовым чэмпіёнам Еўропы



Беларускі тэквандыст Арман-Маршал Сіла стаў трохразовым чэмпіёнам Еўропы на спаборніцтвах у Сафіі. Маршал-Сіла выступаў у вагавай катэгорыі звыш 87 кілаграмаў. У фінальным паядынку ён адолеў расейца Уладзіслава Ларына. Кантынентальны форум у сталіцы Балгарыі стаў першым стартам для спартоўца пасля чатырохгадовай дыскваліфікацыі. Сярод беларусаў бронзавы медаль заваяваў таксама Ігар Казлоў (54 кг). Арман-Маршал Сіла раней двойчы заваёўваў залатыя медалі чэмпіянатаў Еўропы (ў 2014 і 2016 гадах).

 

Першая шайба Аляксея Протаса ў АХЛ прынесла „Хершы” перамогу

Беларускі форвард Аляксей Протас закінуў першую шайбу ў АХЛ і дапамог „Хершы” перамагчы „Уылкс-Бэры” у чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату – 2:0. Протаса, які зрабіў два кідкі і завяршыў паядынак з адзінкай у графе „+/-„, прызналі першай зоркай сустрэчы. „Хершы” лідыруе ў табліцы Паўночнага дывізіёна з 30 баламі.

 

Кошт залатога медаля Герасімені на аўкцыёне перавышае 15000 даляраў

За залаты медаль зорнай беларускай плыўчыхі Аляксандры Герасімені, выстаўлены на аўкцыён, 12 траўня прапануюць больш за 15000 даляраў. Узнагарода была заваяваная на чэмпіянаце свету-2012 на дыстанцыі 50 м вольным стылем. У фінальным заплыве Герасіменя перамагла з вынікам 23.64 і абнавіла нацыянальны рэкорд. Усе сродкі ад продажу медаля будуць пералічаныя ў Беларускі фонд спартовай салідарнасці.

 

Беларуска Кацярына Гнядзько дыскваліфікавана на 4 гады

Прадстаўніца спартыўнай хады з Берасця Кацярына Гнядзько дыскваліфікавана НАДА Беларусі на 4 гады. У арганізме 21-гадовай спартоўкі быў знойдзены лігандрол. Гэта тое ж рэчыва, за якое была пакарана тытулаваная бягуха на 800 метраў Марына Арзамасава. Вынікі спартоўкі ануляваныя, тэрмін пакарання адлічваецца ад 12 лютага 2021 года да 11 лютага 2025 года.

 

Беларускія пяціборцы занялі другое месца ў змешанай эстафеце на этапе КС у Балгарыі

Беларускія пяціборцы Павел Ціханаў і Ксенія Клімянкова занялі другое месца ў змешанай эстафеце на этапе Кубка свету ў Балгарыі. Беларускі змешаны дуэт набраў у суме 1440 балаў, прапусціўшы наперад толькі казахстанскі дуэт Уладзіслаў Мішчанка / Алена Патапенка – 1442 ачкі. Трэцяе месца занялі прадстаўнікі Рэспублікі Карэя – Сеа Чан Ван і Кім Ян Джу – 1415. Усяго ў дадзеным выглядзе праграмы ўдзельнічалі 20 змешаных дуэтаў.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя