Арцём Архіпаў на правах арэнды перайшоў у салігорскі „Шахцёр”
Расейскі форвард Арцём Архіпаў (1996 г.) на правах арэнды перайшоў у салігорскі „Шахцёр”.
Пагадненне падпісана паміж гарнякамі і „Тамбовам”, якому і належаць правы на футбаліста. З другой паловы мінулага года гулец выступаў на правах арэнды за „Гарадзею”, у складзе якой у чэмпіянаце Беларусі за 15 матчаў забіў 9 мячоў. Гуляць за „Шахцёр” форвард зможа пасля 29 чэрвеня, адзначае прэс-служба гарнякоў.
Амерыканскі абаронца Крыстафер Клайберн падпісаў кантракт з „Цмокі-Менск”
Амерыканскі абаронца Крыстафер Клайберн (1996 г.) падпісаў кантракт з „Цмокі-Менск”. Клайберн не быў абраны на драфце НБА-2019, пасля чаго згуляў за „Мілуокі” у Летняй лізе. Сезон-2019/20 правёў у Польшчы за „Быдгашч”.
ITF завершыць адбор на Гульні ў Токіо па выніках „Ралан Гарос” у 2021 годзе
Міжнародная федэрацыя тэніса (ITF) назвала дату завяршэння кваліфікацыі на Гульні XXXII Алімпіяды ў Токіо. У ліпені – жніўні 2021 года на корты ў сталіцы Японіі змогуць выйсці гульцы, якія маюць высокі сусветны рэйтынг ATP (Асацыяцыя тэнісістаў-прафесіяналаў) і WTA (Жаночая тэнісная асацыяцыя) на момант заканчэння „Ралан Гарос” 7 чэрвеня 2021 года. У турніры выступяць па 64 мужчыны і жанчыны, па 56 з якіх атрымаюць алімпійскія пуцёўкі зыходзячы з рэйтынгаў. Адзін нацыянальны алімпійскі камітэт прадставіць не больш за чатырох тэнісістаў у адзіночным і парным разрадах.
Матч дублёраў менскага „Дынама” і „Славіі” перанесены
Хатні матч 13-га тура першынства дублёраў „Дынама” Менск – „Славія” афіцыйна перанесены з 12 чэрвеня на больш позні тэрмін па просьбе каманды з Мазыра. Пра гэта інфармуе сайт „бела-блакітных”. Пра прычыны пераносу – не паведамляецца. Пра дату і час пачатку матчу будзе паведамлена дадаткова.
Цяжкая атлетыка можа быць выключана з праграмы Алімпійскіх гульняў з-за карупцыі і ўтойвання допінгу
Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томас Бах заявіў, што цяжкая атлетыка можа быць выключана з праграмы Алімпійскіх гульняў з-за карупцыі і антыдопінгавых парушэнняў Міжнароднай федэрацыі цяжкай атлетыкі (IWF). Канадскі юрыст Рычард Макларан завяршыў незалежнае расследаванне ў дачыненні да парушэнняў у IWF. Ён высветліў, што міжнародная федэрацыя цяжкай атлетыкі схавала як мінімум 40 станоўчых допінг-тэстаў спартоўцаў з розных краін, каб гэтыя атлеты змаглі выступіць на чэмпіянатах свету і заваяваць там медалі.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: vk.com/fcshakhterby