Арцём Мілеўскі – гулец „Міная”
Арцём Мілеўскі афіцыйна стаў гульцом футбольнага клуба „Мінай” з аднайменнага сяла ў Закарпацкай вобласці.
Пра гэта паведамляе прэс-служба каманды ў Інстаграм. Кантракт разлічаны на 1,5 года. Арцём Мілеўскі дапамог берасцейскаму „Дынама” стаць чэмпіёнам Беларусі. У сезоне-2020 форвард правёў у складзе берасцейцаў 27 гульняў у вышэйшай лізе, у якіх забіў шэсць мячоў і зрабіў тры выніковыя перадачы.
Нападнік Дзяніс Лапцеў блізкі да пераходу ў польскую „Сталь” з Мелеца. Папярэднім клубам футбаліста было берасцейскае „Дынама”, з якім ён выйграў чэмпіянат Беларусі-2019. Пераход Лапцева ў „Сталь” знаходзіцца ў завяршальнай стадыі.
Валейбалісткі „Прыбужжа” сталі бронзавымі прызёрамі розыгрышу Кубка Беларусі
Валейбалісткі берасцейскага „Прыбужжа” абыгралі „Менчанку-2” і сталі бронзавымі прызёрамі розыгрышу Кубка Беларусі-2020. Сустрэча завяршылася з лікам 3:1 (25:5, 22:25, 25:23, 25:19) на карысць каманды Наталлі Мелянюк. Адна з самых вопытных дзеючых гульцоў краіны Аксана Кавальчук працягвае кар’еру ў Берасці.
Студэнт БДУ стаў срэбным прызёрам Кубка свету па самба
Трэцякурснік факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Максім Ліхавец стаў срэбным прызёрам Кубка свету па самба „Мемарыял А. Харлампіева”. Спаборніцтвы завяршыліся ў Маскве. Спартоўцы спаборнічалі ў 27 вагавых катэгорыях у трох дысцыплінах: мужчынскім, жаночым і баявым самба. Студэнт БДУ выступіў у складзе беларускай зборнай у вагавой катэгорыі +100 кг.
Аляксандр Гутар атрымае імянное піва ад Ліянэля Месі
Галкіпер салігорскага „Шахцёра” Аляксандр Гутар стаў адным са 160 варатароў, якія атрымаюць імянное піва ад Ліянэля Месі. Вытворца напою, які з’яўляецца спонсарам аргентынца, стварыў 644 бутэлькі імяннога піва, дзе пранумараваны ўсе галы форварда „Барселоны”. У 2011 годзе брамнік БАТЭ Гутар прапусціў два галы ад Месі, – паведамляе група ВКонтакте „Беларускі футбол”. Гэта здарылася ў хатнім матчы Лігі чэмпіёнаў (0: 5)
Сябры Кангрэсу ЗША заклікалі ІІХФ пазбавіць Менск права правядзення ЧС-2021
Члены Кангрэсу ЗША і парламентарыі Еўропы напісалі адкрыты ліст у адрас Міжнароднай федэрацыі хакея з патрабаваннем пазбавіць Менск права правядзення бліжэйшага хакейнага чэмпіянату свету, які мае адбыцца з 21 мая па 6 чэрвеня 2021 года. „Мы, сябры Кангрэсу і парламентарыі з усёй Еўропы, лічым, што Беларусь павінна страціць права на гэты прывілей”, – гаворыцца ў звароце, апублікаваным у твітары кангрэсмена Біла Кіцінга.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: афіцыйны сайт „Миная”