Арцём Мілеўскі ўзгадніў кантракт з „Рухам”
Арцём Мілеўскі ўжо ўзгадніў кантракт з украінскім „Рухам”.
Гульца прадставяць у наступным годзе. Пагадненне будзе падпісана на паўгода з опцыяй падаўжэння яшчэ на год. Акрамя таго, зараз вядуцца перамовы пра тое, якую пасаду атрымае Арцём у львоўскім клубе па завяршэнні кар’еры, паведамляе телеграм-канал „Бей-беги”.
Дзевяць гульцоў пакінулі „Слуцк”, які захаваў прапіску ў вышэйшай лізе
Нягледзячы на паспяховы зыход стыкавых матчаў з „Крумкачамi”, склад «Слуцка», які захаваў прапіску ў вышэйшай лізе, пакінула значная кампанія гульцоў. Услед за Трубілам і Запрудскім кантракты былі скасаваныя яшчэ з дзевяццю футбалістамі. Гэта абаронцы Сулейман Коанда, Раман Крывулькін, Арцём Панікараў і Кірыл Алаян, хаўбекі Юрый Казлоў, Дзмітрый Сасін і Сяргей Русак, а таксама форварды Арцём Сярдзюк і Абдул Сірыма. Зрэшты, з Крывулькіным і Сасіным супрацоўніцтва можа быць працягнута – ужо на новых умовах.
Дынара Алімбекова займае пятае месца ў агульным заліку Кубка свету
Беларуская біятланістка Дынара Алімбекова займае пятае месца ў агульным заліку Кубка свету па біятлоне пасля чатырох праведзеных этапаў. Перад стартам чацвёртага кубкавага этапу ў аўстрыйскім Хохфільцэне яна была другой, але пасля яго завяршэння ня здолела ўтрымацца ў тройцы лідэраў. У Аўстрыі Дынара Алімбекава выступіла няўдала: у спрынтарскай гонцы на 7,5 км заняла толькі 31-е месца, у гонцы пераследу фінішавала на 11-й пазіцыі, а ў мас-старце апынулася на 20-м радку выніковага пратаколу. Генеральную класіфікацыю ўзначальвае нарвежская біятланістка Марце Олсбю-Ройселан. Пяты этап Кубка планеты ў пачатку новага года прыме нямецкі Оберхоф.
Уся мужчынская зборная Беларусі па самба перахварэла COVID
Усе спартоўцы беларускай мужчынскай зборнай каманды па самба перахварэлі COVID-19, распавёў галоўны трэнер нацкоманды рэспублікі па самба Юрый Рыбак, піша sputnik.by. Успышка каранавіруса ў камандзе здарылася пасля лістападаўскага чэмпіянату свету ў Сербіі. Аднак з паездкай на сусветны форум настаўнік зборнай гэта не звязвае.
„Захварэла уся мужчынская зборная. На шчасце, абышлося без значных страт, „Кавід” прайшоў у спартоўцаў у лёгкай форме – як звычайны грып: ламата ў целе, галаўны боль, невялікая тэмпература. Ад гэтай хваробы абараніцца немагчыма, ніколі не ведаеш, дзе яе падчэпіш”, – сказаў Рыбак. Паводле яго слоў, усе атлеты былі ізаляваны і пасля хваробы плаўна уваходзяць у працоўны рытм. На мінулым чэмпіянаце свету, які прайшоў у пачатку лістапада ў сербскім Нові-Садзе, беларускія самбісты заваявалі 13 медалёў (тры „золата”, пяць срэбраных і столькі ж бронзавых).
«Прессбол» трэці раз у гісторыі не будзе вызначаць лаўрэата ў намінацыі „Чалавек года”
«Прессбол» трэці раз у гісторыі не будзе вызначаць „Чалавека года”. Пра гэта заявіў дырэктар газеты Юры Арлоў. Раней у апытанні лідыравала са значным адрывам баскетбалістка Алена Леўчанка, якая набрала 65 працэнтаў галасоў, на другім месцы плыўчыха Аляксандра Герасіменя – у яе 17 працэнтаў, на трэцім месцы трэнер па фрыстайле Мікалай Казека – 6 працэнтаў апытаных. «Чалавек года” не вызначаўся газетай таксама ў 2002 і 2003 годзе.
Роберт Левандоўскі назваў куміраў маладосці
Нападнік „Баварыі” Роберт Левандоўскі распавёў, хто быў яго кумірам у маладосці. „Дэль П’ера, Цьеры Анры, Раберта Баджо, – цытуе sport-express.ru Левандоўскага. – Захапляўся імі. У маладосці любіў сачыць за гульнёй гэтых футбалістаў. На той момант марыў пра вялікія стадыёны. Хацелася адчуць гэтую атмасферу”, дадаў польскі форвард. 17 снежня 32-гадовы Левандоўскі быў прызнаны найлепшым гульцом года па версіі Міжнароднай федэрацыі футбольных асацыяцый (ФІФА). У гэтым сезоне чэмпіянату Нямеччыны футбаліст у 12 матчах адзначыўся 17 галамі і 4 выніковымі перадачамі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: dynamo-brest.by