Арына Сабаленка апусцілася на 13-е месца ў рэйтынгу WTA
Беларуска Арына Сабаленка перад стартам US Oрen пакінула першую дзясятку рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Тыдзень таму Арына Сабаленка займала 9-е месца ў рэйтынгу, а цяпер перамясцілася на 13-ю пазіцыю. У першым раўндзе адкрытага чэмпіянату ЗША Арына Сабаленка згуляе з Вікторыяй Азаранкай, якая засталася на 41-м месцы сусветнага рэйтынгу. Аляксандра Сасновіч, якая займае цяпер 46-ы радок, на старце US Open будзе супернічаць з амерыканкай Джэніфер Брэдзі, якая знаходзіцца на 67-й пазіцыі.
Мужчынскі рэйтынг па-ранейшаму ўпэўнена ўзначальвае серб Новак Джокавіч, услед за ім ідуць іспанец Рафаэль Надаль і швейцарац Роджэр Федэрэр. Лепшыя з беларускіх тэнісістаў знаходзяцца ў другой сотні рэйтынгу АТР – Ягор Герасімаў займае 129-е месца (406), Ілля Івашка на 144-м радку (376).
Беларускі занялі 8-е месца на чэмпіянаце Еўропы па хакеі на траве
Жаночая зборная Беларусі па хакеі на траве няўдала выступіла ў элітным раўндзе чэмпіянату Еўропы ў бельгійскім Антвэрпэне, замкнуўшы турнірную табліцу. На папярэднім этапе беларускі занялі 4-е месца ў групе «В», прайграўшы камандам Германіі – 0:13, Ірландыі – 0:11 і Англіі – 3:4. У другім групавым раўндзе беларускія спартоўкі таксама ўсім прайгралі: расейкам – 0:5 і бельгійкам – 1:3. Зборныя Беларусі і Расеі пакідаюць элітны дывізіён чэмпіянату Еўропы, у наступным годзе іх заменяць каманды Шатландыі і Італіі. Чэмпіёнам кантынента стала каманда Нідэрландаў, якая абыграла ў фінале зборную Германіі – 2:0.
Беларуска гарантавала сабе бронзавы медаль чэмпіянату Еўропы па боксе ў Іспаніі
Беларуская спартоўка Вікторыя Кебікава выйшла ў паўфінал чэмпіянату Еўропы па боксе і гарантавала сабе як мінімум бронзавы медаль кантынентальнага форуму, які праходзіць у Іспаніі. Паядынак за права выхаду ў паўфінал беларуска правяла супраць славенскай баксёркі Каці Гаіч, у якім упэўнена перамагла. Яшчэ адна беларуска Юлія Апанасовіч у кваліфікацыі апынулася лепш малдаванкі Юліі Кароль.
ФІФА плануе замяніць лайнсменов на робатаў
Кіраўніцтва ФІФА задумваецца пра магчымую замену бакавых арбітраў на робатаў. «У ФІФА ўжо існуе дэпартамент, які праводзіць адпаведныя даследаванні. Ці заменяць робаты ў будучыні бакавых суддзяў цалкам? Аднойчы гэта сапраўды можа адбыцца», – перадае брытанскае выданне Mirror.
Беларускае Радыё Рацыя