Арына Сабаленка і Эліз Мёртэнс не выйшлі ў паўфінал Уімблдона



У матчы 1/4 фіналу парнага разраду „Уімблдона” беларуска Арына Сабаленка ў дуэце з Эліз Мёртэнс саступілі пары Се Шу Вэй/Барбара Стрыцава – 4:6, 2:6.

Фото Jimmie48 Tennis Photography

Дзяніс Рутэнка перайшоў у СКА

Правы крайні Дзяніс Рутэнка далучыўся да менскага СКА. Пра гэта паведамляе прэс-служба гандбольнага клуба. Да гэтага Рутэнка выступаў у трох беларускіх камандах – „Аркатроне„, менскім „Дынама” і БГК імя Мяшкова. Акрамя таго за яго плячыма 126 матчаў у форме зборнай Беларусі – больш толькі ў шасці чалавек за ўсю гісторыю.

22-гадовы варатар Уладзімір Корсак пакінуў БГК імя Мяшкова. Спартовец заключыў двухгадовы кантракт з „Гомелем”. У складзе паўднёўцаў ён заменіць Ігара Чэрнікава, які разам з Віталём Кіслюком перайшоў у расейскае „Дынама-Віктар”.

Беларуская кідальніца дзіды Таццяна Халадовіч заняла другое месца ў Швейцарыі

Беларуская кідальніца дзіды Таццяна Халадовіч заняла другое месца на турніры ў Швейцарыі. На спаборніцтвах Таццяна лідыравала ў прамежкавым пратаколе і толькі ў шостым выхадзе ў сектар беларуску змагла перасягнуць аўстралійка Келсо-Лі Барбер. Удалая заключная спроба Халадовіч на 66 м 18 см дазволіла падняцца ёй толькі на другую прыступку п’едэстала. Бронзавым прызёрам стала Крысцін Хусонг з Нямеччыны.

Трансфер Ламбуліча абышоўся „Шахцёру” ў 400 тысяч еўра

Трансфер маладога сербскага абаронцы Зарыі Ламбуліча абышоўся салігорскаму „Шахцёру” ў 400 тысяч еўра. Пра гэта паведамляе transfermarkt.de. Пагадненне футбаліста з салігорскім клубам разлічана на 2,5 года. Раней паведамлялася, што „Шахцёр” атрымае ад „Беларуськалія” 800 тысяч рублёў за выхад у раўнд плэй-оф Лігі Еўропы.

Біятланіст Уладзімір Чапелін завяршыў кар’еру

Беларускі біятланіст Уладзімір Чапелін завяршыў спартовую кар’еру, паведамляе Беларуская федэрацыя біятлона. Найбольш высокага выніку ў нацыянальнай камандзе спартовец дамогся ў 2016 годзе, заняўшы трэцяе месца ў індывідуальнай гонцы ў шведскім Эстэрсундзе. Ён таксама прымаў удзел у зімовых Алімпійскіх гульнях у Сочы і Пхенчхане.

Глеб Дудараў стаў чацвёртым у кіданні молата на Універсіядзе ў Неапалі

Лёгкаатлет Глеб Дудараў заняў чацвёртае месца ў кіданні молата на ХХХ летняй Універсіядзе ў Неапалі. У сваёй лепшай, пятай, спробе ён адправіў снарад на 72 м 35 см. Перамог кідальнік молата з Турцыі Озкана Балтачы. Яшчэ адзін беларус Юрый Васільчанка заняў шостае месца. Беларуская бягуха Крысціна Ціманоўская на спрынтарскай дыстанцыі 100 м таксама апынулася за мяжой прызёраў. У фінальным забегу яна паказала шосты вынік.

Беларускае Радыё Рацыя