Арына Сабаленка не выйшла ў фінал выніковага турніру WTA
Першая ракетка планеты Арына Сабаленка не змагла прабіцца ў фінал выніковага турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) у мексіканскім Канкуне. Мінулай ноччу беларуска прайграла ў паўфінале польскай тэнісістцы Ізе Свёнтэк, якая займае другую пазіцыю ў сусветным рэйтынгу, – 2:6, 3:6. На папярэднім этапе спаборніцтваў Арына Сабаленка заняла другое месца ў групе Бакалар. Яна абыграла грэчаскую тэнісістку Марыю Сакары – 6:0, 6:1 і прадстаўніцу Казахстана Алену Рыбакіну – 6:2, 3:6, 6:3, а таксама саступіла пераможцы гэтага квартэта амерыканцы. Джэсіцы Пегуле – 4:6, 3:6. У вырашальным паядынку Свёнтэк сустрэнецца з Пегулай, якая ў іншым паўфінальным матчы абыграла сваю суайчынніцу Коры Гаўф – 6:2, 6:1. Абедзве фіналісткі выйгралі па чатыры паядынкі. Калі ў фінале пераможа Свёнтэк, то яна стане першай ракеткай свету. Калі польская тэнісістка прайграе, у рангу першай ракеткі свету сезон закрые Арына Сабаленка.
Шостак прызнаны лепшым брамнікам тыдня ў КХЛ
Кантынентальная хакейная ліга аб’явіла лепшых гульцоў мінулага тыдня рэгулярнага чэмпіянату. Лепшым брамнікам тыдня ўпершыню ў кар’еры быў прызнаны беларус Канстанцін Шостак, які выступае за чарапавецкую „Северсталь”. У трох выязных матчах з 31 кастрычніка па 5 лістапада наш галкіпер святкаваў тры перамогі. Па брамцы Шостака супернікі нанеслі 73 кідкі (24,3 у сярэднім за гульню), з якіх ён адбіў практычна 96%. Каэфіцыент надзейнасці Канстанціна склаў 1,01. Акрамя таго, лепшым маладым гульцом тыдня ў КХЛ стаў абаронца менскага „Дынама” Мікіта Смірноў, у актыве якога два выніковыя балы (1+1) за ўказаны адрэзак.
Хакеісты менскага „Дынама” пачынаюць дамашнюю серыю матчам з „Авангардам”
Хакеісты менскага „Дынама” сёння пачнуць чарговую хатнюю серыю ў рэгулярным чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі. Сёлетняя серыя гульняў „зуброў” на „Мінск-Арэне” працягнецца да 16 лістапада і ўключыць у сябе шэсць матчаў. Першым супернікам падначаленых Дзмітрыя Квартальнага стане „Авангард”, за які ў гэтым сезоне выступае беларускі нападнік Ігар Мартынаў, які перабраўся ў склад амічоў якраз са складу „Дынама”. Напярэдадні менчане вярнуліся ў сталіцу з гасцявога турнэ, падчас якога абыгралі яраслаўскі „Лакаматыў” 2:1 і саступілі магнітагорскаму „Металургу” 1:5. Па стане на сёння „Дынама” займае сёмае месца ў Заходняй канферэнцыі КХЛ, маючы 27 балаў.
Беларускія дзюдаісты засталіся без узнагарод чэмпіянату Еўропы
У французскім Манпелье завяршыўся чэмпіянат Еўропы па дзюдо, удзел у якім пад нейтральным сцягам прымалі беларускія спартоўцы. Нашу каманду на турніры прадставілі трое дзюдаістаў: Ягор Варапаеў у вагавай катэгорыі да 90 кг і Даніэль Мукетэ ў вазе да 100 кг у мужчын, а таксама Дар’я Канцавая ў катэгорыі да 78 кг у жанчын. На жаль, усе нашы спартоўцы завяршылі выступы ўжо на стадыі першага раунда. Усяго ўдзел у чэмпіянаце Еўропы па дзюдо ў Манпелье прынялі амаль 400 спартоўцаў з 47 краін, якія разыгралі 14 камплектаў узнагарод. Перамогу ў медальным заліку святкавала каманда Францыі.
Беларускае Радыё Рацыя