Арына Сабаленка паднялася ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі



Беларуска Арына Сабаленка паднялася на 11-е месца ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). Да гэтага яна займала 14-ю пазіцыю, а пасля перамогі на малым выніковым турніры WTA ў кітайскім Чжухае перамясцілася на 3 пазіцыі вышэй. Узначальвае рэйтынг Эшлі Барці з Аўстраліі. Вікторыя Азаранка займае 50-е месца, Аляксандра Сасновіч знаходзіцца на 67-й пазіцыі, у Вольгі Гаварцовай 194-е месца, Вера Лапко займае 328-ы радок рэйтынгу.

Іспанец Рафаэль праз год узначаліў рэйтынг Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР). Іспанскі тэнісіст пацясніў з першай пазіцыі серба Новака Джокавіча. З беларускіх тэнісістаў лепшы паказчык у Ягора Герасімава, які замыкае першую сотню. Ілля Івашка займае 143-е месца, Уладзімір Ігнацік знаходзіцца на 308-й пазіцыі.

Футбалісткі гарадзенскага «Нёмана» ўпершыню заваявалі бронзу чэмпіянату Беларусі

Футбалісткі гарадзенскага «Нёмана» ўпершыню сталі ўладальніцамі бронзавых медалёў жаночага чэмпіянату Беларусі. У заключным туры 28-га нацыянальнага першынства сярод жаночых каманд «Нёман» саступіў у Менску срэбнаму прызёру сталічнаму клубу «Зорка-БДУ» з лікам 0:2, але захаваў за сабой 3-е месца ў турнірнай табліцы. Чэмпіёнскі тытул задоўга да заканчэння турніру заваявалі футбалісткі «Менска». Для мянчанак гэта сёмае запар золата чэмпіянату Беларусі. Найлепшым снайперам чэмпіянату стала капітан гарадзенскай каманды Кацярына Дудко, якая вызначылася 34 разы.

Сяргей Ташуеў пакідае пасаду галоўнага трэнера салігорскага «Шахцёра»

Расейскі спецыяліст Сяргей Ташуеў пакідае пасаду галоўнага трэнера салігорскага «Шахцёра». Гэта рашэнне было прынята пасля сустрэчы трэнерскага штаба і кіраўніцтва футбольнага клуба. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце «Шахцёра». Разам з Сяргеем Ташуевым клуб пакідаюць і яго асістэнты. Рашэнне аб спыненні супрацоўніцтва прынята па пагадненні бакоў. Выконваючым абавязкі галоўнага трэнера салігорскай дружыны прызначаны Сяргей Нікіфарэнка, які будзе рыхтаваць каманду да матчу 28-га тура з мазырскай «Славіяй».

Беларуская брыгада арбітраў атрымала прызначэнне на матч Лігі чэмпіёнаў

6 лістапада ў Італіі пройдзе матч групавога этапу Лігі чэмпіёнаў «Аталанта» – «Манчэстар Сіці». Абслугоўваць гульню будзе беларуская брыгада арбітраў. Галоўным суддзёй будзе Аляксей Кульбакоў, арбітры на лініі Алег Маслянка і Дзмітрый Жук. Рэзервовы рэферы – Дзяніс Шчарбакоў.

Масіміліяна Алегры – галоўны кандыдат на пасаду галоўнага трэнера «Баварыі»

Кіраўніцтва «Баварыі» разглядае Масіміліяна Алегры ў якасці новага галоўнага трэнера. Паводле інфармацыі Daily Mail, спецыяліст з’яўляецца галоўным кандыдатам на вакантны пост. Напярэдадні «Баварыя» абвясціла аб звальненні Ніка Ковача з пасады настаўніка клуба. 48-гадовы Ковач узначаліў «Баварыю» летам 2018 года. Пад яго кіраўніцтвам клуб стаў чэмпіёнам Германіі, уладальнікам нацыянальнага Кубка, а таксама Суперкубка.

Беларускае Радыё Рацыя