Арына Сабаленка пераможна стартавала на выніковым турніры WTA
Першая ракетка планеты Арына Сабаленка пераможна пачала выступы на выніковым турніры Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) у мексіканскім Канкуне. У сваім стартавым паядынку ў групе Бакалар беларуска аддала толькі адзін гейм грэчаскай тэнісістцы Марыі Сакары, якая займае 9-е месца ў сусветным рэйтынгу, – 6:0, 6:1. У другім туры папярэдняга этапа Арына Сабаленка сустрэнецца з амерыканкай Джэсікай Пегулай, якая на старце перамагла прадстаўніцу Казахстана Алену Рыбакіну – 7:5, 6:2.
„Шахцёр” вярнуўся на першае месца
„Шахцёр” закінуў шэсць шайбаў „Дынама-Маладзечна” і вярнуўся на першае месца, абышоўшы „Віцебск” па дадатковых паказчыках. Матч скончыўся з лікам 6:2. У яшчэ двух матчах чэмпіянату краіны па хакею ў экстралізе перамог дамагліся наваполацкі „Хімік”, які абыграў у гасцях „Лакаматыў” 2:1 і жлобінскі „Металург”, які на хатняй арэне разграміў „Брэст” – 5:1.
Жукоўскі заняў з „Атыраў” сёмае месца
„Атырау”, які ўзначальвае беларускі спецыяліст Віталь Жукоўскі, у заключным туры чэмпіяната Казахстана на хатнім стадыёне згуляў унічыю з „Кайратам” — 0:0. У гаспадароў Мікіта Сцяпанаў, Ягор Хаткевіч і Ігар Стасевіч правялі ўсю сустрэчу. „Атырау” фінішаваў на сёмым месцы ў табліцы з 34 ачкамі, апярэдзіўшы „Табол” па дадатковых паказчыках. „Астана” на выездзе разышлася мірам з карагандзінскім „Шахцёрам” — 1:1. У гасцей беларускі паўабаронца Макс Эбонг застаўся ў запасе. „Астана” з 53 ачкамі фінішавала другой у турнірнай табліцы. На рахунку Эбонга ў бягучым сезоне 19 гульняў і два асісты. Чэмпіёнам у Казахстане датэрмінова стаў „Ардабасы”, які ўзначальвае Аляксандр Сяднёў.
Леброн стаў найстарэйшым гульцом у гісторыі НБА, які набраў 20 ачкоў за палову матчу
Форвард «Лэйкерз» Леброн Джэймс правёў добры матч супраць «Сакрамэнта». Яго каманда, праўда, прайграла 127:132 у авертайме, але 38-гадовы Леброн набраў 27 ачкоў, зрабіў 15 падбораў і 8 перадач. 20 ачкоў Джэймс набраў у другой палове гульні. Ён стаў найстарэйшым гульцом у гісторыі НБА, які набраў такую колькасць ачкоў у адной палове матча. Нагадаю, што Леброн, якому ў снежні споўніцца 39 гадоў, з’яўляецца найстарэйшым баскетбалістам лігі.
Макс Ферстапен выйграў Гран-пры Мехіка
Нідэрландзец на „Рэд Бул” святкаваў сёлета шаснаццатую перамогу, тым самым абнавіўшы свой жа леташні рэкорд па колькасці вікторый у адным сезоне. Другім стаў Льюіс Хэмілтан на „Мэрсэдэс”. Трэцяе месца заняў Шарль Леклер на „Ферары”. Найхучэйшы круг праехаў Льюіс Хэмілтан. Лепшым гоншчыкам па версіі заўзятараў стаў пілот „Макларэна” Ланда Норыс. Ён стартаваў 17-м, але здолеў фінішаваць на пятай пазіцыі.
Беларускае Радыё Рацыя