Арына Сабаленка прайграла ў другім туры выніковага турніру WTA



Арына Сабаленка пацярпела першую паразу на выніковым турніры Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA), які праходзіць у мексіканскім Канкуне. Мінулай ноччу ў другім туры спаборніцтваў у групе Бакалар першая ракетка планеты за паўтары гадзіны саступіла 5-му нумару сусветнага рэйтынгу амерыканцы Джэсіцы Пегуле – 4:6, 3:6. У стартавым паядынку Сабаленка разграміла грачанку Марыю Сакары – 6:0, 6:1. У трэцім матчы папярэдняга этапа беларуска сустрэнецца з прадстаўніцай Казахстана Аленай Рыбакінай, якая спачатку саступіла Джэсіцы Пегуле – 5:7, 2:6, а потым адолела ў трохсэтавым паядынку Марыю Сакары – 6:0, 6:7 (4:7 ), 7:6.

Футбалісткі зборнай Беларусі другі раз згулялі ўнічыю ў Лізе нацый

Беларускія футбалісткі другі раз запар згулялі ўнічыю ў Лізе нацый УЕФА. У горадзе Мурска-Собота падначаленыя Юрыя Малеева разышліся мірам са славенкамі – 0:0. На мінулым тыдні беларускія і славенскія футбалісткі сустракаліся ў Будапешце, таксама завяршыўшы паядынак унічыю – 1:1. Тады беларускі адыграліся ў самым канцы паядынку пасля гола Анастасіі Лінік. Да гэтага зборная Беларусі саступіла чэшскім і баснійскім футбалісткам з аднолькавым лікам 1:2.

Мінскае „Дынама” саступіла „Северсталі” ў дамашнім матчы чэмпіянату КХЛ

Хакеісты мінскага „Дынама” пацярпелі паразу ў хатнім матчы рэгулярнага чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. У адзінай гульні на родным лёдзе паміж дзвюма выязнымі серыямі „зубры” ўпершыню ў гэтым сезоне прымалі „Северсталь” – браму чарапаўчан у гэты вечар абараняў беларускі галкіпер Канстанцін Шостак. Стартавая трэць скончылася з мінімальнай перавагай мінчан, адзіную шайбу на 11-й хвіліне правёў Сяргей Кузняцоў, для якога гэты гол апынуўся першым у форме „Дынама”. Другі перыяд лепш атрымаўся ўжо хакеістам гасцявой каманды, якія не толькі зраўнялі лічбы, але і выйшлі наперад. У заключнай 20-хвілінцы „зубры” мелі двухразовую перавагу па кідках па брамцы, але зраўняць лічбы так і не змаглі – параза з лікам 1:2. Гэтая няўдача на „Мінск-Арэне” спыніла серыю „Дынама” з трох перамог запар. Беларуская каманда з 25-ю ачкамі займае 7-е месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі КХЛ, „Северсталь” наблізілася да „зуброў” на адлегласць аднаго бала.

Баскетбалісткі „Гарызонта” выйшлі ў лідэры чэмпіянату Беларусі

Баскетбалісткі „Гарызонта” выйшлі ў лідэры жаночага чэмпіянату Беларусі. У стартавым паядынку 7-га тура дзеючыя чэмпіёнкі краіны разграмілі ў Берасці мясцовую „Вікторыю” з розніцай 103 ачкі – 121:18. Астатнія фаварыты сёлетняга сезона свае чарговыя матчы правядуць сёння. Баскетбалісткі „Мінска” праэкзаменуюць сваю маладзёжную каманду, у гарадзенскім дэрбі „Алімпія” згуляе з „Вікторыяй”, а ў горадзе над Сожам будуць супернічаць асноўны і рэзервовы склады „Гомельскіх рысяў”.

Беларускае Радыё Рацыя