Арына Сабаленка прэтэндуе на званне „Прарыў месяца”



Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка намініравана на званне „Прарыў месяца” ў кастрычніку, якое заснавана Жаночай тэніснай асацыяцыяй (WTA).

У мінулым месяцы 19-гадовая мінчанка ўпершыню ў сваёй кар’еры прабілася ў фінал турніру пад эгідай WTA. У вырашальным паядынку спаборніцтваў у кітайскім Цяньцзіні Арына ва ўпартай барацьбе ўступіла экс-першай ракетцы планеты расіянцы Марыі Шарапавай. Пасля гэтага яна ўпершыню ўзнялася на 78-е месца ў сусветным рэйтынгу.

Акрамя беларускі на званне „Прарыў месяца” ў кастрычніку прэтэндуюць нямецкія тэнісісткі Юлія Гергес і Карына Вітхефт, а таксама расіянка Наталля Віхлянцава. Галасаванне праходзіць на афіцыйным сайце WTA.

У студзені лаўрэатам у гэтай намінацыі стала амерыканка Како Вандэвеге, якая ў бліжэйшыя выхадныя дні будзе гуляць у Менску супраць тэнісістак зборнай Беларусі ў фінале Кубка Федэрацыі.

belta.by