Арына Сабаленка стала пераможцай турніру ў Лінцы



Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка стала пераможцай турніру ў аўстрыйскім Лінцы з прызавым фондам 202 тысячы даляраў. У першым сэце вырашальнага паядынку з 21-й ракеткай планеты бельгійкай Эліз Мёртенс беларуска выйграла ва ўпартай барацьбе з лікам 7:5, а ў другой партыі перамагла амаль без праблем – 6:2. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 45 хвілін.

Для Сабаленкі гэты фінал стаў 12-м на прафесійных турнірах пад эгідай WTA. Цяпер у яе актыве стала восем чэмпіёнскіх тытулаў. Дзякуючы трыумфу ў Лінцы Арына Сабаленка вярнулася ў першую дзясятку сусветнага рэйтынга.

Футбалісты Беларусі абыгралі каманду Літвы ў матчы Лігі нацый

Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі перамаглі каманду Літвы з лікам 2:0 у паядынку групавога этапу Лігі нацый УЕФА. Сваю пятую сустрэчу ў 4-й групе лігі С на поле мінскага стадыёна „Дынама” беларусы пачалі актыўна і двойчы засмуцілі брамніка гасцей. На 5-й хвіліне гульні Яўген Яблонскі адкрыў лік ударам з сярэдняй дыстанцыі, а праз 15 хвілін Макс Эбонг падвоіў перавагу беларускай каманды. Пасля перапынку ініцыятывай больш валодалі літоўцы, гаспадары адказвалі вострымі контратакамі, але вынік першага тайма не змяніўся. Сустрэча першага круга ў літоўскай сталіцы завяршылася ўнічыю — 2:2. У другім матчы пятага тура гэтага квартэта футбалісты Албаніі ў Тыране перамаглі гасцей з Казахстана 3:1.

Турнірнае становішча пасля пяці матчаў: Беларусь – 10, Албанія – 8, Літва – 5, Казахстан — 4 ачкі.

У паядынках заключнага тура 18 лістапада падначаленыя Міхаіла Мархеля згуляюць у Тыране з албанцамі, а казахстанцы прымуць літоўскіх футбалістаў.

Зборная Італіі выйграла ў палякаў і выйшла ў лідары групы

Футбалісты зборнай Італіі ў хатнім матчы пятага тура групавога этапу Лігі нацый перайгралі каманду Польшчы. Сустрэча, якая прайшла ў нядзелю ў горадзе Рэджа-нель-Эмілія завяршылася з лікам 2:0 на карысць гаспадароў. У іх складзе мяч забіў Жаржыньё, які на 27-й хвіліне рэалізаваў пенальці. А на 83-й хвіліне Даменіка Берардзі падвоіў перавагу гаспадароў. На 77-й хвіліне палякі засталіся ў меншасці пасля выдалення Яцэка Гаральскага. У гэтай групе лідыруюць італьянцы, у якіх 9 ачкоў. 8 ачкоў мае каманда Нідэрландаў, а 7 ачкоў у палякаў. 2 ачкі ў актыве дружыны Босніі і Герцагавіны. У заключных матчах групы італьянцы 18 лістапада будуць гасцяваць у баснійцаў, а палякі ў гэты дзень прымуць каманду Нідэрландаў.

Маладзёжная зборная Беларусі прайграла футбалістам Нідэрландаў у кваліфікацыі ЧЕ

Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі паразай завяршылі адборавы турнір першынства Еўропы 2021. У Алмерэ падначаленыя Сяргея Яромкі з разгромным лікам 0:5 прайгралі лідару 7-й групы камандзе Нідэрландаў, якая пакуль не страціла ніводнага ачка і ўжо забяспечыла сабе пуцёўку ў фінал моладзевага ЧЕ-2021. Першая сустрэча гэтых супернікаў, якая адбылася ў Жодзіна, завяршылася буйной паразай беларускіх футбалістаў — 0:7. На 18 лістапада ў беларусаў быў запланаваны выязны паядынак з нарвежскай „маладзёжкай”, але ён быў адменены ў сувязі з эпідэміялагічным становішчам.

Менскае „Дынама” выйграла ў „Барыса” ў матчы чэмпіянату КХЛ

Хакеісты менскага „Дынама” абыгралі нур-султанскі „Барыс” ў матчы чэмпіянату КХЛ. Сустрэча завяршылася на карысць беларускай каманды з лікам 4:1. Мінчане не перамагалі на выездзе ў асноўны час з 2011-га года. Але на гэты раз сумная традыцыя апынулася перапыненая. Мінчане спрабавалі адсунуць гульню ад сваёй брамкі і адказвалі контратакамі. У адной з іх Брэндан Козун адкрыў лік. Гэтая шайба не астудзіла запал казахстанцаў, яны працягнулі гуляць у ранейшым ключы і неўзабаве зноў паплаціліся за нядбайнае стаўленне да абароны. На 13-й хвіліне дубль аформіў Брэндан Козун з падачы Кірыла Вароніна.

На 33-й хвіліне матчу Ягор Шаранговіч стаў аўтарам трэцяй шайбы „зуброў” у матчы. На 48-й хвіліне гульні Якаб Лілья скараціў розніцу ў ліку, закінуўшы адзіную шайбу „Барыса” ў матчы. Але бліжэй да фінальнага свістку Кірыл Варонін аднавіў розніцу ў тры шайбы на карысць менчукоў, якія завяршылі выязную серыю матчаў эфектнай перамогай. Наступную гульню чэмпіянату КХЛ „Дынама-Мінск” правядзе на хатнім лёдзе 19 лістапада. Супернікам „зуброў” стане ХК „Сочы”.

Беларускае Радыё Рацыя