Арына Сабаленка ў 1/2 Выніковага турніру ВТА згуляе з Ігай Свёнтэк
Беларуска Арына Сабаленка (ВТА; 7) перамагла прадстаўніцу ЗША Джэсіку Пегулу (ВТА; 3) у матчы Выніковага турніру ВТА з лікам 2:0 (6:3, 7:5). Сабаленка выйшла ў паўфінал Выніковага турніру ВТА з другой пазіцыі, дзе сустрэнецца з першай ракеткай свету полькай Ігай Свёнтэк.
Яшчж адна беларуская тэнісістка Алена Фалей, якая займае ў сусветным рэйтынгу 773-і радок, завяршыла выступленне на турніры катэгорыі ІТФ, які праходзіць у Шарм-Эль-Шэйху (Егіпет). На стадыі паўфіналу яна ў двух сэтах уступіла расіянцы Кацярыне Шалімавай — 2:6, 4:6.
Мікіта Тарасевіч адзначыўся перадачай у OHL, Данііл Боўраш – у QMJHL
Працягваюцца рэгулярныя чэмпіянаты ў юніёрскіх хакейных лігах Паўночнай Амерыкі. „Норт-Бэй” аказаўся мацнейшым за „Хамільтан” — 5:1, заваяваўшы ўжо чацвёртую перамогу запар. У гэтай гульні асістам вызначыўся беларус Мікіта Тарасевіч, цяпер на яго рахунку 9 (5+4) балаў у 13 матчах. Выніковую гульню паказаў і Данііл Боўраш у QMJHL. Яго „Руэн-Норанда” прайграў у авертайме „Гаціна” (3:4 АД), сам Данііл зарабіў асістэнцкі бал. Усяго ён правёў 17 матчаў і набраў 19 (14+5) ачкоў.
„Крумкачы” на апошніх секундах здабылі перамогу над „Вікторыяй” і прабіліся ў фінал другой лігі
„Крумкачы” прабіліся ў фінал плей-оф другой лігі. У матчы ў адказ 1/2 фіналу „груганы” перайгралі „Вікторыю” — 3:2. Дубль аформіў Аляксандр Яцкевіч. А перамогу менчукі здабылі на апошніх секундах: Максім Паўлавец забіў галавой пасля падачы з кута поля. „Крумкачы” атрымалі права заявіцца ў першую лігу-2023. У фінале яны згуляюць з „Нівай” з Долбізна.
„Атава” аб’явіла аб пачатку працэсу продажу клуба
„Атава Сенатарз” аб’явіла аб пачатку працэсу продажу клуба. Пра гэта паінфармавала прэс-служба каманды Нацыянальнай хакейнай лігі. Важнай умовай для новых патэнцыйных уладальнікаў клуба з’яўляецца тое, што ён павінен і далей базавацца ў Атаве. Раней паведамлялася, што канадскі акцёр Раян Рэйнальдз зацікаўлены ў набыцці клуба. Сам Рэйнальдз таксама хоча, каб „Атава” заставалася ў горадзе. Паведамленні аб магчымым продажы з’явіліся праз некалькі месяцаў пасля смерці 28 сакавіка ўладальніка „Сенатарз” Юджына Мельніка. Цяпер клуб знаходзіцца ў валоданні яго дачок. Кошт каманды зараз ацэньваецца ў $655 млн. Дачкі бізнесмэна, па дадзеных СМІ, адразу прынялі рашэнне аб продажы актыву.
Беларускае Радыё Рацыя