Арына Сабаленка вярнулася ў топ-10 рэйтынгу WTA
Беларуска Арына Сабаленка ізноў знаходзіцца ў першай дзясятцы рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA).
Да старту Уімблдонскага турніру Арына Сабаленка знаходзілася на 11-й пазіцыі, а цяпер паднялася на адзін радок. Вікторыя Азаранка займае 38-е месца, Аляксандра Сасновіч на 42-й пазіцыі, Вера Лапко на 120-м радку. Чэмпіёнка Уімблдона румынка Сымона Халеп перамясцілася з 7-га на 4-е месца, Серэна Уільямс з 10-га радка паднялася на 9-ы. Лідзіруе Эшлі Барці (Аўстралія). Рэйтынг Асацыяцыі тэнісістаў прафесіяналаў (АТР) па-ранейшаму ўзначальвае серб Новак Джокавіч, які выйграў пяты Уімблдонскі турнір, на другой пазіцыі іспанец Рафаэль Надаль, трэцім ідзе фіналіст Уімблдона швейцарац Роджэр Федэрэр. Лепшым з беларускіх тэнісістаў з’яўляецца Ягор Герасімаў, які займае 137-е месца.
Беларускія самбісты занялі 3-е месца на камандным Кубку свету ў Манголіі
Беларускія атлеты занялі трэцяе месца на Кубку свету па самба сярод змешаных каманд, які праходзіў 14 ліпеня ва Улан-Батары. Першае месца па выніках спаборніцтваў заваявала зборная Расеі, у фінале яна аказалася мацнейшай за гаспадароў турніру – каманду Манголіі – з агульным лікам па сутычкам 6:3. Бронзавымі прызёрамі спаборніцтваў сталі зборныя Беларусі і Кітая. Сярод лідараў беларускай каманды на дыван выходзілі Анфіса Капаева (вагавая катэгорыя 48 кг), Аляксандр Кокша (68 кг), Уладзіслаў Саяпін (68 кг), Кацярына Пракапенка (56 кг) і Юрый Рыбак (звыш 100 кг).
Жаночая зборная Беларусі (U-21) па хакеі на траве прайграла Германіі на старце ЧЕ ў Валенсіі
Жаночая зборная Беларусі (U-21) па хакеі на траве прайграла Германіі з лікам 1:4 на старце чэмпіянату Еўропы ў Валенсіі. Пры ліку 0:2 беларускі паспяхова разыгралі штрафны кутні. Аўтарам гола стала гулец смалявіцкай „Вікторыі” Дыяна Бацюкова. У групе Б наймацнейшага дывізіёна чэмпіянату Еўропы „маладзёжка” таксама згуляе з Бельгіяй (16 ліпеня) і Англіяй (18 ліпеня).
МАЗ Аляксандра Васілеўскага стаў пятым на этапе „Шаўковага шляху”
Экіпаж „МАЗ-СПОРТаўта” пад кіраўніцтвам Аляксандра Васілеўскага заняў пятае месца на дзявятым этапе ралі „Шаўковы шлях”. Большая частка маршруту прайшла па пяшчаных дарогах з высокімі дзюнамі пустыні Гобі, даўжыня спецучастка склала 290 км. Ад лідара этапу і гонкі расейца Антона Шыбалова беларускі экіпаж адстаў на 38 хв. У генеральнай класіфікацыі беларусы ідуць шостымі, прайграючы звыш 5 гадзін.
Павел Петрушко і Аляксандр Дзядкоў перамаглі ў Еўрапейскім туры ў Эстоніі
Беларускія гульцы Павел Петрушко і Аляксандр Дзядкоў перамаглі ў Еўрапейскім туры Усходне-Еўрапейскай валейбольнай асацыяцыі (ЕЕВЗА) па пляжным валейболе ў эстонскім Пярну. На групавым этапе дуэт з Менска тройчы перамог, а ў чвэрцьфінале абыграў моцную латвійскую пару – 21:15, 21:17. У наступным раўндзе беларусы былі мацней за расейцаў Васіля Андрыянава і Антона Сафонава – 17:21, 22:20, 15:8, а ў фінале Павел Петрушко і Аляксандр Дзядкоў абыгралі за 30 хвілін Артура Васільева і Матаса Навіцкаса з Літвы – 26:24, 21:17.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота sb.by