Арына Сабаленка выйграла дзясяты тытул на турнірах WTA



Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка стала пераможцай буйнога турніру катэгорыі WTA-1000 у Мадрыдзе з агульным прызавым фондам 2,5 мільёны еўра. У вырашальнай сустрэчы беларуска, якая займае 7-е месца ў сусветным рэйтынгу, перамагла ў трохсэтавым паядынку першую ракетку планеты аўстралійку Эшлі Барці – 6:0, 3:6, 6:4. Фінальны матч працягваўся 1 гадзіну 40 хвілін. Для 22-гадовай Арыны Сабаленкі гэта дзясяты чэмпіёнскі тытул на турнірах пад эгідай Жаночай тэніснай асацыяцыі. Два тыдні таму Барці і Сабаленка сустракаліся ў фінале спаборніцтваў у нямецкім Штутгарце і тады аўстралійская тэнісістка была мацней.

 

Валейбалісты зборнай Беларусі абыгралі нарвежцаў у матчы кваліфікацыі да ЧЕ

Валейбалісты зборнай Беларусі абыгралі нарвежцаў у матчы кваліфікацыі да чэмпіянату Еўропы з лікам 3:0. Уладзіслаў Давыскіба зарабіў 13 ачкоў. Пасля гэтай сустрэчы ў групе G Беларусь лідыруе пасля трох гульняў, маючы 7 ачкоў, у Партугаліі – 5 і гульня ў запасе.

 

Футбалісты „Шахцёра” абыгралі БАТЭ ў чэмпіянаце Беларусі

Салігорскі „Шахцёр” перамог футбалістаў барысаўскага БАТЭ з лікам 1:0, павялічыўшы адрыў ад пераследнікаў да сямі ачкоў. Перамогу „Шахцёру” прынёс лепшы бамбардзір цяперашняга першынства гамбійскі легіянер Дэмба Дарбо, які забіў мяч выдатным далёкім ударам на 20-й хвіліне гульні. Гэта яго дзявяты гол у чэмпіянаце.  БАТЭ пацярпеў першую паразу ў чэмпіянаце. Барысаўчан дагналі менскія дынамаўцы, якія здабылі валявую перамогу над „Іслаччу” 3:1.

 

Бэйлен, Сапега, Парфянюк і Клімовіч далучыліся да кэмпа зборнай Беларусі

Абаронцы Нік Бэйлен, Сяргей Сапега і Мікіта Парфянюк, а таксама нападнік Даніла Клімовіч далучыліся да кэмп зборнай Беларусі па хакею. 13 і 15 траўня зборная Беларусі правядзе два таварыскія матчы супраць каманды Казахстана. Абедзве гульні пройдуць у Рызе, перадае hockey.by. А вось абаронца „Авангарда” Кірыл Гатавец прапусціць чэмпіянат свету з-за праблем са здароўем. Уладальнік Кубка Гагарына пацвердзіў, што ў гэтым годзе не зможа дапамагчы зборнай Беларусі па медыцынскіх паказаннях.

 

«Краснадар» Віктара Ганчарэнкі прайграў былому клубу беларускага трэнера

Футбольны клуб «Краснадар», якім з нядаўніх часоў кіруе Віктар Ганчарэнка, прайграў у гасцях маскоўскаму ЦСКА з лікам 1:3. Беларускі абаронца «Краснадара» Аляксандр Мартыновіч правёў увесь матч, форвард ЦСКА Ілля Шкурын застаўся ў запасе. Паcля 29 тураў «Краснадар» займае ў чэмпіянаце 11-е месца.

„Рэал” згуляў унічыю з „Севільяй” у матчы 35-га тура чэмпіянату Іспаніі – 2:2. У кампенсаваны час мяч пасля ўдару Тоні Кроса трапіў у нагу Эдэна Азара і заляцеў у сетку. У турнірнай табліцы лідыруе „Атлетыка” з 77 ачкамі, „Рэал” выпусціў шанец падняцца на вяршыню і ідзе другім з 75 баламі, апярэджваючы „Барселону” па дадатковых паказчыках. У „Севільі” 71 ачко і чацвёртая пазіцыя.

 

«Мілан» абыграў «Ювентус» у гасцях упершыню за 10 гадоў

У матчы 35-га тура італьянскай Серыі А «Ювентус» буйна прайграў міланцам 0:3.  Лік у матчы быў адкрыты на 1-й дадзенай хвіліне першага тайма, гол у распранальню забіў Браім Дыяс. На 78-й госці падвоілі перавагу – Антэ Рэбіч ювелірна трапіў у «дзявятку» брамы суперніка. На 82-й хвіліне Фікаё Таморы забіў трэці гол гасцей, давёўшы справу да разгрому. «Мілан», набраўшы 72 ачкі, займае трэцяе месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Італіі. «Ювентус» мае 69 – і на 5-м месцы за тры туры да канца сезона.

„Манчэстар Юнайтэд” разабраўся з „Астан Вілай” у матчы 35-га тура чэмпіянату Англіі – 3:1. „МЮ” з 70 ачкамі ідзе другім у табліцы, адстаючы ад „Манчэстар Сіці” на дзесяць балаў.

«ПСЖ» згуляў унічыю з «Ренам» 1:1, паменшыўшы свае шанцы на чэмпіёнства.  «Пары Сен-Жэрмен», набраўшы ў 36 матчах 76 ачкоў, займае трэцяе месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Францыі. Да канца сезона ў Лізе 1 засталося два туры. Лідыруе ў чэмпіянаце «Ліль», у якога 79 ачкоў. Замыкае тройку лідараў «Манака», маючы 74 балы.

 

Льюіс Хэмілтан стаў пераможцам „Гран-пры Іспаніі”

Брытанец Льюіс Хэмілтан з каманды „Мэрсэдэс” перамог на „Гран-пры Іспаніі” „Формулы-1”. Пілот шосты раз першынстваваў на трасе ў Барселоне.  Другім стаў Макс Ферстапен з „Рэд Бул”, а трэцім – Валтэры Ботас з „Мэрсэдэс”.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя