Арына Сабаленка выйграла малы выніковы турнір WTA



Беларуска Арына Сабаленка, якая займае 14-е месца ў сусветным рэйтынгу, стала пераможцай малога выніковага турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA), які завяршыўся ў кітайскім Чжухае, паведамляе pressball.by.

У першай партыі вырашальнага паядынку Арыны Сабаленкі з дзясятай ракеткай планеты галандкі Кікі Бертенс суперніцы па чарзе выйгравалі ачкі на сваіх падачах і толькі ў дзесятым гейме беларуска здолела ўзяць чужую падачу і перамагла – 6:4. Другі сэт яна правяла вельмі магутна і ўпэўнена і перамагла – 6:2. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 15 хвілін.

На шляху да фіналу Арына Сабаленка абыграла грачанку Марыю Сакара (22-ы нумар рэйтынгу WTA) – 6:3, 6:4, бельгійку Элізу Мертенс (18) – 6:4, 3:6, 7:5 і чэшку Караліну Мухаву (26) – 7:5, 7:6.

Для Арыны Сабаленкі гэта пяты чэмпіёнскі тытул на турнірах пад эгідай WTA, прычым 4 з іх яна заваявала на спаборніцтвах, якія праходзілі ў Кітаі.

На наступным тыдні Арына Сабаленка і бельгійская тэнісістка Эліза Мертенс згуляюць у парным разрадзе галоўнага выніковага турніру WTA, які сёння стартуе ў кітайскім Шэньчжэне. На групавым этапе яны згуляюць з галандска-нямецкім дуэтам Дэмі Схюрс / Ганна-Лена Грэнефельд, венгерска-французскім тандэмам Тымеа Бабош / Крысціна Младэнавіч і парай з Кітайскага Тайбэя Лаціша Чан / Чань Хао-Чынь.

У гэтым годзе агульны прызавы фонд выніковага турніру WTА, які завершыцца 3 лістапада, складзе $14 млн.

zviazda.by

Фота: www.pressball.by