Арына Сабаленка выйграла турнір серыі WTA
Фінальны матч тэніснага турніру ў кітайскім горадзе Ухань завяршыўся перамогай беларускі Арыны Сабаленкі. У вырашальным паядынку яна перамагла прадстаўніцу Эстоніі Анэт Контавэйт.
Са старту Арына Сабаленка пачала ціснуць на суперніцу разнастайнымі ўдарамі. Ужо на другой падачы Контавэйт беларуска эфектным укарочаным рэалізавала брэйк-пойнт і павяла ў ліку 3:1. Далей Сабаленка ўпэўнена брала сваю падачу і максімальна ўскладняла сітуацыю эстонкі на яе падачы. Так дайшло да ліку 5:3, пасля чаго беларуска з цяжкасцю, але ўзяла 9-ы гейм, рэалізаваўшы першы ж сет-бол – 6:3.
У другой партыі спярша пайшла куды больш зацятая барацьба. Пры тым сваю падачу Сабаленка брала дастаткова ўпэўнена. Пры ліку 3:3 беларуска рэзка актывізавалася і „пад нуль” выйграла гейм на падачы Контавэйт. Сабаленка выглядала так упэўнена, што сумневу ў яе агульнай перамозе не засталося. У канцоўцы Арына зрабіла яшчэ адзін брэйк, праштампаваўшы сваю вікторыю з першага ж матч-болу – 6:3.
Напомнім, што сёлета ў Нью-Хэйвіне (ЗША) Сабаленка, перамогшы іспанку Карлу Суарас-Навара, выйграла першы ў сваёй кар’еры тытул WTA ў адзіночным разрадзе.
У панядзелак будзе апублікаваны новы рэйтынг мацнейшых. Сабаленка ў ім падымецца вышэй 20-га месца.
Беларускае Радыё Рацыя