Арына Сабаленка выйграла турнір у Шэньчжэні



Першы значны поспех беларускага спорту ў новым годзе. Тэнісістка Арына Сабаленка выйграла салідны турнір у кітайскім Шэньчжэні.

У паўфінале Сабаленка (13-я на сёння ракетка свету) разграміла кітайку Ван Я Фань (70-ы нумар рэйтынгу). Лік па партыях 6:2, 6:1 гаворыць сам па сабе. Іншай фіналісткай стала амерыканка Алісан Рыск (62-я ракетка свету), якая перамагла расейку Веру Званарову – 6:1, 1:0, адмова.

Фінал, які гуляўся ў той жа дзень, выдаўся вельмі напружаным. У першым сеце Рыск цалком апраўдвала сваё прозвішча, гуляючы рызыкоўна, востра і галоўнае дакладна. Зрабіўшы ў пачатку партыі брэйr амерыканка так і не дазволіла адыграцца Сабаленцы – 6:4.

У другой партыі ініцыятыву захапіла ўжо беларуска. Яна магла дастаткова хутка выйграць партыю, але не рэалізавала вельмі выгодную сітуацыю. У выніку розыгрыш перайшоў у тай-брэйк, дзе беларуску было ўжо не стрымаць – 7:6 (7:2).

У пачатку вырашальнай партыі Сабаленка зрабіла два брэйкі і ўпэўнена павяла 3:0. Але гэта быў яшчэ не канец. Наступныя два геймы ўзяла Рыск. Гэта „ацверазіла” беларускую тэнісістку. Пры ліку 4:2 на карысць Сабаленкі першая ракетка Беларусі мела скрыты матч-бол, але ўсё ж не скарысталася перавагай. Такім чынам усё зноў было на нэрвах. У наступным гейме амерыканка мела брэйк-пойнт, але Сабаленка вытрымала і ўсё ж узяла сваю падачу – 5:3. А ў канцоўцы Рыск не вытрывала напругі, дапусціўшы дзве двайныя памылкі. Сабаленка таксама не была бездакорнай, але з трэцяга матч-болу ўсё ж выйграла партыю 6:3 і увесь матч.

Гэта ўжо трэці тытул Сабаленкі пад эгідай WTA. Напомнім, што ў 2018 годзе беларуска перамагла на турнірах у Нью-Хэйвіне (ЗША) і Ухані (Кітай).

Беларускае Радыё Рацыя