Арына Сабаленка выйшла ў 1/4 фіналу турніру ў Шэньчжоў
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка (13-ы нумар сусветнага рэйтынгу) паспяхова стартавала на турніры ў кітайскім Шэньчжоў. У паядынку 1/8 фіналу беларуска сустракалася з латвійскай тэнісісткай Аленай Астапенкай (75) і перамагла ў двух сэтах – 6:1, 6:2. Наступнай саперніцай Арыны будзе харвацкая тэнісістка Петра Марціч (23).
Ягор Герасімаў абыграў Жуана Дамінгеша і зраўняў лік у супрацьстаянні
Па выніках першага гульнявога дня ў матчы Еўра-Афрыканскай групы I Кубка Дэвіса паміж зборнымі Беларусі і Партугаліі зафіксавана нічыя – 1:1. У першым матчы Ілля Івашка (135 АТП) саступіў Жуану Соуза (64) з лікам 6:4, 1:6, 2:6. У другім паядынку пятніцы Ягор Герасімаў у двух партыях адолеў Жуана Дамінгеша (6:2, 6:3) і тым самым зраўняў лік у супрацьстаянні.
Беларускія вясляркі заваявалі два залатыя медалі на спаборніцтвах у Токіо
Беларускія вясляркі заваявалі дзве залатыя ўзнагароды на міжнародных спаборніцтвах у Токіо. На дыстанцыі 200 м у байдарцы-адзіночцы беларуска Марына Літвінчук паднялася на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару. Другой фінішавала Лінея Стэнсілс (Швецыя), на трэцяй пазіцыі размясцілася Марыя Тэрэса Партэла (Іспанія). У вырашальным заездзе на 200 м выступіла і іншая беларуска Вольга Худзенка, якая завяршыла выступленне пятай. У байдарцы-двойцы на 500 м дуэт Марыны Літвінчук і Вольгі Худзенка заняў першае месца, на другой пазіцыі размясціліся Ганна Пулавска і Хелена Вішнеўская з Польшчы. Вугоркі Эрыка Мядзвецкі і Аліда Дора Гажо сталі трэцімі.
Баскетбалісты зборнай Іспаніі адолелі аўстралійцаў і выйшлі ў фінал чэмпіянату свету
Баскетбалісты зборнай Іспаніі сталі першымі фіналістамі чэмпіянату свету, які праходзіць у Кітаі. Сёння, 13 верасня, у паўфінале іспанцы адолелі ў другім авертайме каманду Аўстраліі з лікам 95:88. Лепшым у складзе пераможцаў стаў Марк Газоль, які набраў 33 ачкі. Супернік іспанцаў вызначыцца пасля другога паўфінальнага матчу мёду камандамі Аргенціны і Францыі.
Матч 22-га тура „Шахцёр” – „Віцебск” перанесены з 22 на 21 верасня
Матч вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па футболе паміж „Шахцёрам” і „Віцебскам”, які пройдзе ў Салігорску, перанесены з 22 на 21 верасня. Такім чынам, абодва клубы атрымалі па дадатковым дню на аднаўленне перад тым, як згуляць у рэзервовы дзень 25 верасня. „Шахцёр” 25-га згуляе на выездзе з „Гарадзеяй”, а „Віцебск” у гасцях памераецца сіламі са „Славіяй”.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя