Арына Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу ў Досе



Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка (13-ы нумар сусветнага рэйтынгу) паспяхова стартавала ў адзіночным разрадзе турніру катэгорыі „Прэм’ер” у катарскай Досе.

У 1/16 фіналу Арына Сабаленка сустракалася з эстонкай Анэт Кантавэйт (22) і перамагла ў трохсэтавым паядынку – 7:5, 2:6, 7:5. У матчы за выхад у чвэрцьфінал беларуска згуляе з пераможцай паядынку паміж грэчаскай тэнісісткай Марыяй Сакары (20) і чэшкай Тэрэзай Марцінцовай (157).

Абвешчаны склад зборнай Беларусі на матч кваліфікацыі Кубка Дэвіса супраць Германіі

Капітан тэніснай зборнай Беларусі Дзмітрый Жырмонт назваў склад каманды на гасцявы матч Кубка Дэвіса з камандай Германіі. Да сустрэчы будуць рыхтавацца Ягор Герасімаў, Ілля Івашка, Аляксандр Згіроўскі, Марцін Барысюк і Андрэй Васілеўскі. Матч кваліфікацыі Кубка Дэвіса Германія – Беларусь пройдзе 6 і 7 сакавіка ў Дзюсельдорфе. Беларускія і нямецкія тэнісісты сустракаліся ў розыгрышы Кубка Дэвіса толькі аднойчы. У верасні 2003 года ў матчы плэй-оф сусветнай групы беларусы выйгралі з лікам 3:2. У камандным сусветным рэйтынгу зборная Беларусі займае 45-е месца, Германія знаходзіцца на 12-й пазіцыі.

20-гадовы харват Цін Вукманіч блізкі да пераходу ў „Шахцёр”

Па звестках pressball.by, 20-гадовы харвацкі паўабаронца Цін Вукманіч блізкі да пераходу ў салігорскі Шахцёр, у якім знаходзіцца на праглядзе. У мінулым годзе футбаліст гуляў за юрмальскі „Спартак” і рыжскую РФШ ў чэмпіянаце Латвіі.

19-гадовы паўабаронца моладзевай зборнай Кыргызстана Эмір Шыгайбаеў заключыў кантракт з „Нёманам”. Пагадненне дзейнічае да канца 2022 года.

Міхаіл Грабоўскі дыскваліфікаваны і аштрафаваны КХЛ

Трэнер менскага „Дынама” Міхаіл Грабоўскі дыскваліфікаваны КХЛ на адзін матч за эпізод у канцоўцы гульні супраць “Ак Барса”, калі ён кінуў на лёд бутэльку з вадой. Таксама Грабоўскі павінен будзе заплаціць грашовы штраф.

Менскае „Дынама” ў хатнім матчы чэмпіянату КХЛ прымае „Лакаматыў”

Хакеісты менскага „Дынама” паспрабуюць абыграць яраслаўскі „Лакаматыў” у хатнім матчы чэмпіянату КХЛ. Матч пачнецца ў 19.10. „Зубры” знаходзяцца на апошнім месцы ў Заходняй канферэнцыі, набраўшы за 60 гульняў 37 балаў. Менчукі прайгралі апошнія пяць сустрэч запар. Яраслаўскі „Лакаматыў” размяшчаецца на шостым месцы.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tvr.by