Арына Сабаленка выйшла ў 1/8 фіналу Уімблдона
У матчы трэцяга круга „Уімблдона” беларуская тэнісістка Арына Сабаленка (N4 ВТА) узяла верх над прадстаўніцай Калумбіі Асорыа Серана (94) з лікам 6:0, 6:3.
„Дынама”-БДУФК ў паўфінале 1-га раўнда ЛЧ згуляе з „Апалонам”
У Ньёне прайшло лёсаванне 1-га раўнда жаночай Лігі чэмпіёнаў. Каманды былі разбітыя на групы, унутры якіх пройдуць міні-турніры ў фармаце паўфінал/фінал. Усе сустрэчы ўнутры адной групы пройдуць у адным горадзе. „Дынама”-БДУФК, якое выступіць на шляху чэмпіёнаў, у паўфінале групы 6 згуляе з кіпрскім „Апалонам”. У іншым матчы маскоўскі ЦСКА сустрэнецца з „Суонсі”. „Менск”, які выступае на асноўным шляху, атрымаў у сапернікі па паўфінале ў групе 3 нарвежскі „Русенборг”. У другім паядынку „Леванте” згуляе з „Селтыкам”. Пераможцы міні-турніраў атрымаюць пуцёўкі ў другі раунд Лігі чэмпіёнаў і змогуць пазмагацца за выхад у групавую стадыю.
Беларус Яўген Каменеў выкліканы ў зборную Польшчы для падрыхтоўкі да алімпійскай кваліфікацыі
Абаронца Яўген Каменеў (1997) выкліканы ў зборную Польшчы для падрыхтоўкі да алімпійскай кваліфікацыі. Каменеў нарадзіўся ў Менску, аднак большую частку кар’еры правёў у Польшчы. Ён выступаў за моладзевую зборную гэтай краіны, выклікаўся ў дарослую нацыянальную каманду на спарынгі. У мінулым сезоне Каменеў выступаў за „Сонак” – правёў 36 матчаў і набраў 5 (4+1) ачкоў. Зборная Польшчы стане сапернікам каманды Беларусі ў алімпійскай кваліфікацыі.
Кірыл Зіновіч падпісаў пяцігадовы кантракт з маскоўскім „Лакаматывам”
Беларускі паўабаронца „Менска” Кірыл Зіновіч падпісаў кантракт з „Лакаматывам”. Пагадненне з 18-гадовым беларусам разлічана на пяць гадоў. Зіновіч з’яўляецца выхаванцам „Менска”. У бягучым сезоне хаўбек правёў 11 матчаў у чэмпіянаце Беларусі, у якіх забіў 3 галы і зрабіў 2 выніковыя перадачы. Партал Transfermarkt ацэньвае кошт гульца ў 250 тысяч еўра.
Анастасія Мірончык-Іванова заняла трэцяе месца на этапе Брыльянтавай лігі ў Нарвегіі
Скакуха ў даўжыню Анастасія Мірончык-Іванова заняла трэцяе месца на этапе Брыльянтавай лігі ў Осла (Нарвегія). Ураджэнка Менскай вобласці скокнула на 6 м 58 см. Золата выйграла нямецкая спартоўка Малайка Міхамбо. Другое месца ў сербскай лёгкаатлеткі Іваны Шпанавіч. Мірончык-Іванова адабралася на Алімпіяду па сусветнаму рэйтынгу. Спартоўка не змагла выканаць алімпійскі нарматыў (6.82), але яе вынікаў хапіла для пуцёўкі на Гульні.