Арына Сабаленка выйшла ў другі раўнд турніру „Вялікага шлема”
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў другі раўнд турніру „Вялікага шлема” – адкрыты чэмпіянат ЗША. У матчы першага раўнда US Open беларуская тэнісістка ўпэўнена абыграла прадстаўніцу Бельгіі Марыну Занеўскую – 6:3, 6:2. Арына Сабаленка сем разоў падала навылёт, дапусціла 8 падвойных памылак і рэалізавала 6 з 7 брэйк-пойнтаў. У другім раўндзе беларуска сустрэнецца з брытанскай тэнісісткай Джодзі Берэдж – яна ў першым матчы перайграла расейку Ганну Блінкову.
«Галатасарай», «Брага» і «Янг Бойз» выйшлі ў групавы турнір Лігі чэмпіёнаў
Сталі вядомыя яшчэ 3 удзельнікі асноўнага раўнда Лігі чэмпіёнаў. У групавы турнір прабіліся «Галатасарай», «Брага» і «Янг Бойз». Турэцкі клуб прайшоў «Мольда» (3:2, 2:1). «Брага» абыграла «Панацінаікас» (2:1, 1:0). «Янг Бойз» перамог «Макабі» (0:0, 3:0). Лёсаванне групавога турніру Лігі чэмпіёнаў адбудзецца заўтра ў Манака.
Паўлу Забеліну і расейскім гульцам „Табола” дазволяць уезд у Чэхію на матч Лігі канферэнцый
Пра гэта паведаміў прэс-сакратар урада Чэхіі Вацлаў Смолка. Ён расказаў, што прэм’ер-міністр краіны Пётр Фіяла паабяцаў зрабіць выключэнне для расейскіх і беларускіх гульцоў „Табола”, у якіх узніклі праблемы з атрыманнем візы. „Мы гатовы дзейнічаць такім чынам, каб не нанесці шкоду інтарэсам і прэстыжу чэшскіх футбольных клубаў у Еўропе”, – заявіў Смолка. Нагадаю, беларускі паўабаронца Павел Забелін, а таксама расіяне Іван Канавалаў, Альберт Габараеў і Павел Кірэенка не атрымалі дазвол на ўезд у краіну на гульню ў адказ плей-оф Лігі канферэнцый супраць чэшскай „Вікторыі Пльзень”.
Інфармацыя аб праблеме з выдачай візы расейскім і беларускім гульцам „Табола” трапіла на стол кіраўніка УЕФА Аляксандэра Чаферына.
Названы заробак канадскага абаронцы менскага „Дынама” Кодзі Керана
Аклад канадца складзе крыху больш за 565 тысяч даляраў за год, паведаміў у сваім тэлеграм-канале інсайдэр Артур Хайрулін.
33-гадовы гулец папоўніў шэрагі „зуброў” у цяперашнім міжсезонні.
У мінулым сезоне КХЛ Керан выступаў за магнітагорскі „Металург”, у складзе якога набраў 22 (6+16) ачкі ў 57 матчах рэгулярнага чэмпіянату пры паказчыку карыснасці „+1”. У 11 матчах плэй-оф у яго актыве 5 (0+5) ачкоў, пры паказчыку карыснасці „+9”.
Валейбалісткі Нідэрландаў сталі першымі паўфіналісткамі чэмпіянату Еўропы.
Валейбалісткі зборнай Нідэрландаў сталі першымі паўфіналісткамі 33-га жаночага чэмпіянату Еўропы. У першым чвэрцьфінале ў Фларэнцыі нідэрландкі не пакінулі шанцаў на поспех суперніцам з Балгарыі – 3:0. У паядынку за выхад у фінал „аранжавыя” сустрэнуцца з пераможцам матча паміж зборнымі Сербіі і Чэхіі, якія сёння згуляюць у Бруселі.
Сусветная федэрацыя бадмінтона дапусціла беларусаў да міжнародных турніраў
Сусветная федэрацыя бадмінтона дапусціла спартоўцаў з Беларусі і Расіі да міжнародных турніраў пад сваёй эгідай.
У заяве федэрацыі паведамляецца, што беларускія і расейскія бадмінтаністы змогуць удзельнічаць у міжнародных турнірах у нейтральным статусе з 26 лютага 2024 года. У бліжэйшы час будзе створана камісія па адборы гульцоў для правядзення праверкі і ўважлівага вывучэння ўсіх умоў удзелу. „Рашэнне адмяніць адхіленне расійскіх і беларускіх спартоўцаў, якія адпавядаюць крытэрыям удзелу ў якасці індывідуальных нейтральных спартоўцаў, з’яўляецца пазітыўным. у рамках намаганняў па ўмацаванні міру і салідарнасці”, – заявіў прэзідэнт BWF Поуль-Эрык Хеер Ларсэн.
Беларускае Радыё Рацыя
