Арына Сабаленка выйшла ў паўфінал тэніснага турніру ў Сан-Хасэ



Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка выйшла ў паўфінал турніру ў амерыканскім Сан-Хасэ.

Першую партыю чвэрцьфінальнага матчу з іспанкай Карлай Суарэс Навара беларуска прайграла – 3:6, а затым выйграла два сэты запар – 6:2, 6:4. У гульні за выхад у фінал суперніцай Арыны Сабаленкі будзе харвацкая тэнісістка Дона Векіч, якая ў 1/8 фіналу перамагла Вікторыю Азаранку.

Беларускія баскетбалісты перамаглі ірландцаў на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы

Баскетбалісты юніёрскай зборнай Беларусі (U-18) атрымалі першую перамогу ў турніры за 13-16-е месцы дывізіёна В чэмпіянату Еўропы, які праходзіць у Румыніі. У паядынку з аднагодкамі з Ірландыі беларусы прайгралі першую чвэрць, але ў выніку выйгралі з мінімальнай перавагай – 87:86 (20:23, 23:19, 20:16, 24:28). Самым выніковым у складзе пераможцаў стаў Данііл Барысевіч, які набраў 24 ачкі, у актыве Аляксея Навойчына 21 бал. Наступным супернікам беларусаў будзе пераможца матча Балгарыя – Венгрыя.

Барыс Капітавіч блізкі да пераходу ў БАТЭ

24-гадовы абаронца зборнай Чарнагорыі і сербскага клуба „Чукарычкі” Барыс Капітавіч блізкі да пераходу ў БАТЭ і ў бліжэйшы час пройдзе медагляд у клубе, сцвярджае выданне „Спортскі Часопіс”. Паводле інфармацыі крыніцы, барысаўчане заплацяць за гульца 300 тысяч еўра. Паведамляецца таксама, што Капітавіч адмовіўся ад прапановы бялградскага „Партызана” на карысць БАТЭ.

Харвацкі паўабаронца Ігар Банавіч падпісаў кантракт з „Іслаччу”. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба. У мінулым сезоне правёў за клуб з Балгарыі 32 матчы ва ўсіх турнірах і забіў два галы.

Мікіта Цмыг заняў 3-е месца на дыстанцыі 50 метраў на спіне на этапе Кубка свету ў Токіо

У вырашальным заплыве на дыстанцыі 50 метраў на спіне беларус Мікіта Цмыг заняў трэцяе месца на этапе Кубка свету ў Токіо з вынікам 25,06с.

Яшчэ адзін беларус Ілья Шымановіч заняў першае месца ў вырашальным заплыве на дыстанцыі 50 метраў брасам ў Токіо

„Манчэстар Юнайтэд” выдаткуе 50 мільёнаў еўра, каб купіць паўабаронцы „Аякса”

Паўабаронца галандскага „Аякса” Давід Нерыс цікавы англійскаму „Манчэстар Юнайтэд”. Клуб прапанаваў за бразільца 50 мільёнаў еўра. „Аякс” патрабуе 70 мільёнаў еўра. Як сцвярджае Yahoo Esportes, „МЮ” не гатовы столькі заплаціць з-за магчымых праблем з фінансавым фейр-плэй.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота WTA