„Арыс” Шпілеўскага выбыў з Лігі чэмпіёнаў
Чэмпіён Кіпра „Арыс” пад кіраўніцтвам беларускага трэнера Аляксея Шпілеўскага, які ў 2-м раундзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў абыграў барысаўскі БАТЭ, выбыў з розыгрышу самага прэстыжнага еўракубка. На наступнай стадыі па выніках двухматчавага супрацьстаяння каманда з Лімасола апынулася слабей за польскі „Ракув” Чэнстахова. Тыдзень таму „Арыс” у гасцях пацярпеў паразу 1:2, а зараз на хатняй арэне таксама прайграў, толькі ўжо з мінімальным лікам — 0:1 – адзіны гол на 49-й хвіліне забіў харвацкі паўабаронца Фран Тудар. Беларускі нападнік Арцём Шуманскі ў заяўку клуба на гэтую гульню не трапіў. Такім чынам, падначаленыя Аляксея Шпілеўскага працягнуць выступы ў раундзе плэй-оф Лігі Еўропы.
БФФ задаволіла хадайніцтва „Нёмана” аб пераносе матчаў 18-га і 19-га тураў
Афіцыйны тэлеграм-канал клуба паведамляе, што ў БФФ пайшлі насустрач клубу, які прадстаўляе краіну ў Лізе канферэнцый. У выніку два бліжэйшыя матчы чэмпіянату з удзелам каманды Ігара Кавалевіча не пройдуць у тэрмін, прадпісаны першапачатковым варыянтам календара. Размова ідзе аб гульнях 18-га і 19-га тура супраць „Гомеля” і „Энергетыка-БДУ” адпаведна. Цікава, што гамяльчане і „студэнты” і так ужо часткова пацярпелі з-за еўракубавай занятасці беларускіх удзельнікаў на еўраарэне. Раней былі перанесены іх матчы супраць барысаўскага БАТЭ.
„Аль-Хіляль” афіцыйна аб’явіў аб пераходзе Неймара
Цяпер гэта ўжо не інсайдэрскія здагадкі, а пацверджаная клубам інфармацыя. Неймар з 2017 года выступаў за французскі „ПСЖ”, куды перабраўся з „Барселоны”. Разам з парыжанамі ён стаў пяціразовым чэмпіёнам Францыі. Акрамя таго, на апошнім „мундыялі” стаў рэкардсменам зборнай Бразіліі па колькасці забітых мячоў. „Аль-Хіляль” не канкрэтызуе, на які тэрмін заключана пагадненне, а таксама фінансавыя дэталі кантракта. У медыя-прасторы прасочваліся паведамленні аб пагадненні па схеме „2+1” і суме ў 100 мільёнаў еўра.
Азаранка выйшла ў 1/16 фіналу турніру ў Цынцынаці
Беларуска Вікторыя Азаранка выйшла ў другі раунд турніру катэгорыі WTA-1000 у амерыканскім Цынцынаці з прызавым фондам 2 мільёны 700 тысяч даляраў. У матчы 1/32 фіналу экс-першая ракетка свету, якая займае зараз 18-е месца ў рэйтынгу WTA, перамагла чэшскую тэнісістку Барбару Крэйчыкаву, у якой 11-я пазіцыя, – 6:3, 7:5. Яшчэ адна беларуска Аляксандра Сасновіч прайграла ў першым раундзе кітайскай тэнісістцы Сінвэнь Жон – 1:6, 4:6. Другая ракетка планеты Арына Сабаленка пачне выступы з другога раунда, дзе яе суперніцай будзе пераможца матчу паміж польскай тэнісісткай Магдай Лінэт і прадстаўніцай ЗША Эн Лі.
Ігар Равенка пакіне мінскае „Юнацтва”
33-гадовы нападнік папоўніў склад сталічнага калектыву ў гэтае міжсезонне. У бягучым Кубку Салея Равенка правёў толькі адзін матч з-за траўмы. Мінулы год форвард правёў у „Гомелі”, згуляў 31 матч у рэгулярным сезоне, набраў 38 (9+29) выніковых балаў. У 4 матчах плэй-оф на яго рахунку 3 (1+2) ачкі. Ён стаў лепшым бамбардзірам каманды, інфармуе belarushockey.com.
Беларускае Радыё Рацыя
