„Арыс” Шпілеўскага згуляў унічыю з „Рэйнджэрс” у Лізе Еўропы



Завяршыліся матчы 5-га тура групавога этапа Лігі Еўропы УЕФА. У адной з сустрэч шатландскі „Рэйнджэрс” прымаў кіпрскі „Арыс”, які трэніруе беларускі спецыяліст Аляксей Шпілеўскі. Каманды гулялі на стадыёне „Айбракс” у Глазга. У першым тайме, на 28-й хвіліне Шаві Бабіка з перадачы расейскага нападніка Аляксандра Какорына адкрыў лік у матчы, вывеўшы «Арыс» наперад. У пачатку другога тайма, на 49-й хвіліне Рос Макасленд зраўняў лік. Матч так і скончыўся – 1:1.

«Рэйнджэрс» набраў восем ачкоў у пяці матчах. Шатландская каманда ідзе на другім месцы ў турнірнай табліцы сваёй групы ў Лізе Еўропы. «Арыс» набраў чатыры ачкі за аналагічную колькасць гульняў і займае апошні, чацвёрты радок у квартэце. Каманда Аляксея Шпілеўскага страціла шансы на выхад у плэй-оф турніру. Цяпер кіпрскі клуб можа толькі пазмагацца за трэцяе месца, каб выйсці ў 1/16 Лігі Канферэнцый – для гэтага яму неабходна перамога дома над „Спартай” у апошнім туры. З іншых сустрэч гульнявога дня адзначым разгромную перамогу „Ліверпуля” над аўстрыйскім ЛАСК з лікам 4:0 – дублем адзначыўся Гакпа. „Ліверпуль” набраў 12 ачкоў у пяці матчах. Каманда Юргена Клоппа выйшла ў плэй-оф турніру з першага месца. „Рома” пад кіраўніцтвам Жазэ Маўрынью не змагла абыграць швейцарскі „Сервет” 1:1, але выйшла ў плэй-оф Лігі Еўропы.

„Аякс” прайграў „Марсэлю” 3:4 і страціў шанцы на выхад у плэй-оф.

„Астан Віла” абыграла „Легію” у Лізе канферэнцый

Таксама напярэдадні прайшлі матчы 5-га тура групавога этапа Лігі канферэнцый. «Астана» без беларускага гульца Макса Эбонга саступіла «Дынама Заграбу» 0:2. Адсвяткаваўшы перамогу 2:1 над варшаўскай „Легіяй”, „Астан Віла” гарантавала сабе выхад у плэй-оф Лігі Канферэнцый.

„Кельцэ” Каралька разабраўся з „Еўрафармам Пелістэрам”

Завяршыліся ўсе матчы 9-га тура ганзбольнай Лігі чэмпіёнаў.

„Кельцэ” не адчуў праблем у хатняй сустрэчы з „Еўрафармам Пелістэрам”. Матч скончыўся з лікам 35:25. Беларускі гулец «Кельцэ» Арцём Каралёк закінуў 3 мячы. Венгерскі «Веспрэм» прайграў «Барселоне» – 30:31. Мікіта Вайлупаў у заяўку «Веспрэма» на гэтую гульню не трапіў.

Нарвежцы выйгралі абедзве эстафеты на першым этапе Кубка свету па біятлоне

У шведскім Эстэрсундзе працягваецца стартавы этап Кубка свету па біятлоне 2023/24. Праграму этапа працягнула мужчынская эстафета. Пераканаўчую перамогу ў гонцы святкавала каманда Нарвегіі, за якую выступалі Андрэ Стрэмсхайм, Тар’е і Ёханэс Бё, а таксама Ветле Крысціянсен. На фінішы нарвежцы на дваццаць секунд апярэдзілі французаў. На трэцяй пазіцыі з амаль хвілінным адставаннем ад лідэраў размясціліся біятланісты Германіі. Напярэдадні зборная Нарвегіі таксама стала наймацнейшай у жаночай эстафеце.

Беларускае Радыё Рацыя