„Арызона” закінула 9 шайб у брамку „Дэтройта”, у Калячонка — „+2”
„Арызона” закінула дзевяць шайб у брамку „Дэтройта”. Беларускі абаронца „Арызоны” Уладзіслаў Калячонак правёў на пляцоўцы 17 хвілін 17 секунд, запісаў +2 у графу карыснасці, адзін раз кінуў па брамцы, выканаў адзін сілавы прыём, заблакаваў адзін кідок, дапусціў адну страту і зарабіў дзве хвіліны штрафу.
„Нью-Джэрсі” святкаваў валявую перамогу над „Каларада”. Лідар сезона НХЛ вёў 3:0 у другім перыядзе, аднак „д’яблы” закінулі пяць шайб запар і ў выніку аказаліся мацнейшымі. Нападнік „Нью-Джэрсі” Ягор Шаранговіч адзначыўся голам у меншасці ў пустую брамку. Таксама на рахунку беларуса дзейсная перадача, два кідкі, +2 па „+/-„.
Дзінара Алімбекава ўсё ж выступіць на Кубку Расеі
Зборная Беларусі прыме ўдзел у Кубку Расеі, які пройдзе з 12 па 16 сакавіка ва Уфе. Поўны склад зборнай Беларусі: Ірына Кручынкіна, Адэліна Сабітава, Дар’я Кудаева, Дзінара Алімбекава, Ірына Лешчанка (Крыўка), Антон Смольскі, Мікіта Лабастаў, Дзмітрый Лазоўскі, Іван Тулацін, Аляксандр Кошын, Юлія Кавалеўская, Сцяпан Данілаў, Ілья Аўсеенка. Раней Дзінара Алімбекава адзначала, што не выступіць на спаборніцтвах. А вось Ганна Сола не трапіла ў склад зборнай і адмовілася ўдзельнічаць у спаборніцтвах.
Ягор Герасімаў саступіў у кваліфікацыі турніру ў Індыян-Уэлсе
Беларус Ягор Герасімаў не змог пераадолець бар’ер кваліфікацыі на прадстаўнічым турніры ў Індыян-Уэлсе, ЗША. У трох сэтах наш суайчыннік уступіў прадстаўніку Канады Вашэку Паспішылу — 6:4, 4:6, 4:6.
ФІБА абнавіла рэйтынг мужчынскіх зборных. Беларусь на 51-м месцы
Рэйтынг мужчынскіх нацыянальных зборных па баскетболе абноўлены па выніках лютаўскіх матчаў кваліфікацыі чэмпіянату свету-2023, апублікавала на сваім афіцыйным сайце ФІБА. Баскетбольная зборная Беларусі страціла тры пазіцыі, апусціўшыся з 48-га на 51-е месца. У першай тройцы па-ранейшаму без змен. Лідыруюць баскетбалісты ЗША. Далей ідуць каманды Іспаніі і Аўстраліі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: НХЛ