Арзамасава патрабуе адкрыцця другой допінг-пробы



Беларуская лёгкаатлетка Марына Арзамасава, якая часова адхіленая ад спаборніцтваў па падазрэнні ў допінгу, будзе патрабаваць адкрыцця другой допінг-пробы.

Пра гэта паведаміў журналістам 28 жніўня ў Менску старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі.

„Мы ведаем, што яна напісала ліст у камітэт пры Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі, дзе кажа, што будзе прасіць аб адкрыцці пробы „Б” і запытваць дакументы па пробе „А”. Каб пераканацца, што няма памылкі, што гэта сапраўды станоўчая проба. Такое бывае, што проба „Б” не пацвярджае пробу „А”. І калі пераканаемся, што праблема ёсць, тады пачнем разбірацца, таму што ў гэтым графіку, дзе яна пад пастаянным допінг-кантролем, нават дылетант не будзе рабіць такой памылкі”, — сказаў Дзевятоўскі.

Паводле яго слоў, спартсменка ўзроўню Марыны Арзамасавай знаходзіцца пад кантролем міжнародных афіцэраў і яе любыя перамяшчэнні фіксуюцца. Як паведаміў Дзевятоўскі, Арзамасава ўдзельнічала на працягу ліпеня ў чатырох міжнародных спаборніцтвах і ў двух у першай палове жніўня. Станоўчая проба была здадзена ў канцы ліпеня.

„Міжнародны графік кажа мне, што гэта немагчыма. Забор адбываецца ў сярэдзіне спаборніцкага графіка”, — сказаў кіраўнік федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Ён дадаў, што пакуль гаворка ідзе толькі пра магчымае парушэнне, таму „трэба дачакацца заканчэння разбору, на сёння гэта толькі абвінавачанне”.

„Што тычыцца спорту высокіх дасягненняў, сёння толькі самазабойца будзе займацца самадзейнасцю, з улікам таго што да нашай краіны першапачаткова ўвага самая пільная, менавіта таму што раней да нашай краіны ўвага была самая пільная. Раней былі пытанні, і мы праходзім перыяд аднаўлення даверу да нас. Цяпер ён ёсць і на самым высокім узроўні”, — кажа Дзевятоўскі.

Інфармацыя аб станоўчай допінг-пробе ў чэмпіёнкі свету ў бегу на 800 метраў Марыны Арзамасавай была апублікаваная 27 жніўня. У 31-гадовай спартсменкі выявілі забароненае рэчыва LGD-4033. На гэты момант яна адхіленая ад спаборніцтваў.

БелаПАН