„Атлетыка”, „Лацыё”, „Барусія” і „Барселона” выйшлі ў 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў



Пасля чарговых паядынкаў 5-га тура групавога этапа футбольнай Лігі чэмпіёнаў вызначыліся яшчэ чатыры ўдзельнікі 1/8 фіналу. Лідар квартэта Е мадрыдскі „Атлетыка” ў перадапошнім матчы перамог у Ратэрдаме нідэрландскі „Феенаорд” з лікам 3:1. У Рыме футбалісты „Лацыё” абыгралі шатладскі „Селтык” з лікам 2:0. „Атлетыка” і „Лацыё” выйшлі ў плэй-оф. У групе F дортмундская „Барусія” выйграла ў гасцях у італьянскага „Мілана” – 3:1. У сталіцы Францыі „Пары Сэн-Жэрмен” не змог адолець ангельскі „Ньюкасл”, адышоўшы ад паразы толькі на 8-й кампенсаванай хвіліне другога тайма, калі Кіліян Мбапэ рэалізаваў пенальці – 1:1. „Барусія” выйшла ў 1/8 фінала, за другую пуцёўку яшчэ маюць шанец пазмагацца ПСЖ, „Ньюкасл” і „Мілан”. Іспанская „Барселона” забяспечыла сабе выхад у плэй-оф, перамогшы на сваім полі партугальскі „Порту” з лікам 2:1. Украінскі „Шахцёр” адолеў у Гамбургу бельгійскі „Антвэрпэн” – 1:0. У апошнім туры ў барацьбе за другое месца ў групе Н „Порту” згуляе на сваёй арэне з „Шахцёрам”. Раней месцы ў 1/8 фіналу забраніравалі нямецкія „Баварыя” і „Лейпцыг”, італьянскі „Інтэр”, англійскі „Манчэстэр Сіці”, а таксама іспанскія „Рэал” і „Рэал Сасьедад”.

Ясінскі пайшоў з пасады галоўнага трэнера маладзёжнай зборнай Беларусі па футболе

Галоўны трэнер футбольнай маладзёжнай зборнай Беларусі (U-21) Сяргей Ясінскі пакінуў сваю пасаду. Выступаючы на пасяджэнні выканкама асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”, Ясінскі зазначыў, што ў адборавым турніры маладзёжнага першынства Еўропы 2025 года яго падначаленыя не змаглі выканаць пастаўленыя задачы. У кваліфікацыйнай групе G беларуская „маладзёжка” набрала ўсяго 3 ачкі ў 8 праведзеных матчах і займае апошняе, 6-е месца. Два астатнія паядынкі цяперашняга адборавага цыкла беларуская маладзёжная зборная правядзе ў наступным годзе – 22 сакавіка з аднагодкамі з Грэцыі і 15 кастрычніка з камандай Фарэрскіх астравоў.

„Юнацтва” абыграла „Лакаматыў” у матчы чэмпіянату краіны па хакеі

Паядынак „Лакаматыва” і „Юнацтва” ў Оршы закрыў гульнявую праграму аўторка ў беларускай хакейнай экстралізе. Гэта вочная сустрэча стала для каманд другой за тры дні: гульня ў нядзелю скончылася на карысць „Юнацтва” 2:1 у серыі пасляматчавых кідкоў. Даводзіць справу да булітаў у паўторным паядынку менчане не сталі. Лік у матчы быў адкрыты толькі на 37-й хвіліне, калі большасць рэалізаваў форвард гасцей Уладзіслаў Дземідовіч. Аршанцы зраўнялі лік у сярэдзіне трэцяга перыяду намаганнямі Данііла Пяціна, але ўжо праз хвіліну Дзмітрый Знахарэнка вярнуў „Юнацтву” лідарства. Спробы „Лакаматыва” адыграцца ў канцоўцы ні да чаго не прывялі, а за 25 секунд да сірэны Ілля Сідарук кідком у пустую брамку ўсталяваў канчатковы лік – 3:1 на карысць менчан. Раней „Хімік” нанёс паразу лідару экстралігі „Віцебску” 4:1, а „Магілёў” па булітах абыграў „Брэст” 3:2.

Валейбалісткі „Мінчанкі” прайгралі „Уралачцы-НТМК” у расейскай Суперлізе

Валейбалісткі „Мінчанкі” пацярпелі паразу ў хатнім матчы рэгулярнага чэмпіянату жаночай расейскай Суперлігі. Падначаленыя Вольгі Пальчэўскай у Палацы спорту „Уручча” прымалі самую тытулаваную каманду Расеі – „Уралачку-НТМК” з Екацярынбурга. Калектывы падышлі да вочнай сустрэчы на суседніх пазіцыях у турнірнай табліцы: 12-й і 13-й адпаведна. Беларуская каманда прайграла па партыях 1:3. Наступны паядынак „Мінчанка” згуляе 4 снежня ў гасцях у лідара чэмпіянату маскоўскага „Дынама”, якое ў сёлетнім розыгрышы яшчэ не прайгравала.

Беларускае Радыё Рацыя