Азаранка і Барці ў Таронта пазмагаюцца за паўфінал



Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка і аўстралійка Эшлі Барці сталі чвэрцьфіналісткамі парнага разраду турніру катэгорыі „Прэм’ер” у канадскім Таронта.

У матчы 1/8 фіналу беларуска-аўстралійскі тандэм упэўнена перайграў ў двух сэтах немку Юлію Гёргес і чэшку Караліну Плішкаву – 6:1, 6:3. Сёння вечарам у барацьбе за выхад у паўфінал  Азаранка і  Барці сустрэнуцца з бельгійкай Кірстэн Фліпкенс і Се Шувэй з кітайскага Тайбэя.

Беларускі без шанцаў з чэшкамі на Еўрабаскеце

Беларускія баскетбалісткі пацярпелі пятую паразу запар на маладзёжным чэмпіянаце Еўропы у чэшскім горадзе Клатавы. У матчы суцяшальнага турніру за 9-16-е месцы беларускі разгромна прайгралі камандзе Чэхіі – 48:78. Лепшай у складзе беларускай дружыны была Арына Масько, у актыве якой 17 ачкоў і 5 падбораў пад шчытамі. Наступным супернікам зборнай Беларусі заўтра будзе зборная Швецыі.  

„Зубры” прайгралі маскоўскім аднаклубнікам

Хакеісты „Дынама-Мінск” саступілі аднаклубнікам з Масквы з лікам 1:4 на Кубку губернатара Ніжагародскай вобласці. Супернікі „зуброў” больш упэўнена выкарыстоўвалі моманты ў нападзе. Лік у матчы быў адкрыты на 33-й хвіліне пасля дакладнага кідка гульца маскоўскага „Дынама” Данііла Тарасава. Пад заслону другога перыяду менчукам удалося разыграць большасць. Голам адзначыўся Ігар Мартынаў, але праз хвіліну легіянер масквічоў Юуса Хіетанен вывеў расейскі клуб наперад. У заключныя дваццаць хвілін „зубры” дазволілі Даніілу Тарасаву зрабіць  дубль – 3:1, а затым утрох выстаялі супраць пяцёркі супернікаў.  Падначаленыя Крэйга Вудкрафта неўзабаве атрымалі шанец на рэалізацыю большасці, але не змаглі ім скарыстацца. Чацвёртую шайбу ў масквічоў закінуў Ягор Папоў. Трэці матч у Ніжнім Ноўгарадзе беларускі клуб правядзе заўтра супраць ніжагародскага „Тарпеда”.

Турнір на прызы Мядзведзя стартуе ў Менску

Турнір па вольнай барацьбе сярод мужчын і жанчын на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя стартуе  ў менскім Палацы спорту. Удзел у турніры возьмуць 203 атлеты з 14 краін. Беларускую каманду прадставяць больш за 50 спартоўцаў. У іх ліку выступяць пераможцы II Еўрапейскіх гульняў Васіліса Марзалюк і Ірына Курачкіна. Завершацца спаборніцтвы 11 жніўня. Імянныя турніры на прызы Аляксандра Мядзведзя праводзяцца ў Менску з 1970 года. З 1994-га па рашэнні Міжнароднай федэрацыі аб’яднаных стыляў барацьбы (FILA) турніру прысвоена катэгорыя Гран-пры.

Хто паедзе на чэмпіянат свету па дзюдо

Трэнерскі штаб беларускай зборнай вызначыўся са складам на чэмпіянат свету па дзюдо, які пройдзе з 25 жніўня па 1 верасня ў Токіо. Сярод беларускіх хлопцаў за ўзнагароды сусветнага форуму пазмагаюцца Дзмітрый Шэршань і Дзмітрый Мінько (вагавая катэгорыя 66 кг), Вадзім Шока (73 кг), Ягор Варапаеў і Віктар Кляусаў (вага 90 кг), Мікіта Свірыд і Даніэл Мукете (катэгорыя 100 кг), Аляксандр Вахавяк  і Уладзіслаў Цярпіцкі (вага звыш 100 кг). У дзяўчат на татамі выйдуць Ксенія Даніловіч (52 кг) і лідар зборнай Марына Слуцкая (вага звыш 78 кг). Усяго ў чэмпіянаце прымуць удзел больш за 800 спартоўцаў са 140 краін. На мінулым чэмпіянаце свету, які прайшоў у Баку (Азербайджан), беларускія дзюдаісты не змаглі заваяваць узнагарод.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Jimmie48 tennis photography