Азаранка на Уімблдоне дамаглася валявой вікторыі
Вікторыя Азаранка паспяхова прайшла на Уімблдоне стадыю 1/64-й фіналу. Яе суперніцай на гэтым стартавым этапе была таленавітая ўзыходная зорка жаночага тэнісу – 18-гадовая амерыканка Кэтрын Бэліс, 40-я ракетка свету.
Пачатак гульні быў катастрафічны для Азаранкі – 0:4. Бэліс паспявала ўсюды і выцягвала складаныя мячы, беларуска ж рабіла зашмат нязмушаных памылак. Аднак, спакваля, былая першая ракетка планеты намацала сваю гульню і адчуванне корту. У канцоўцы сета амерыканцы ўжо давялося сур’ёзна напружыцца – ён скончыўся з лікам 6:3 на карысць Бэліс.
У другой партыі Азаранка выявіла ўжо свой чэмпіёнскі характар і выйграла яе 6:2. Пачатак вырашальнага сета быў за беларускай, яна павяла 4:0 і, здавалася, што амерыканка ўжо зламалася псіхалагічна. Аднак Бэліс зрабіла адзін брэйк. Адразу Азаранка яго адыграла, а пасля падала на матч – 6:1 у трэцяй партыі і выніковая перамога. Далей Вікторыя сустрэнецца з расейкай Аленай Вясніной, якая перамагла ў першым крузе суайчынніцу Анну Блінкову.
У гэты першы дзень турніру ў наступны круг выйшла і іншая беларуска – Арына Сабаленка. Яе суперніцай ў другім раўндзе будзе немка Карына Вітхофт, якая досыць нечакана адолела харватку Мір’яну Лючыч.
На жаль, трэцяя беларуска, Аляксандра Сасновіч не змагла прайсці латвійку Алену Астапенку, у алагічным матчы з перападамі прайграўшы ёй у трох сетах – 0:6, 6:1, 3:6. Сасновіч пакідае турнір.
Беларускае Радыё Рацыя