Азаранка прабілася ў 1/16 турніра ў Цынцынаці



Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка выйшла ў 1/16 фіналу турніру катэгорыі „Прэм’ер” у амерыканскім Цынцынаці. У  паядынку 1/32 фіналу беларуска сустракалася з прадстаўніцай Швейцарыі Беліндай Бенчыч  і выйграла першы сэт 6:4. У самым пачатку другой партыі пры ліку 1:0 на карысць Вікторыі яе суперніца траўмавалася і не змагла працягнуць гульню. У другім раўндзе беларуска згуляе з харваткай Донай Векіч, якая перамагла  чэшку Кацярыну Сінякаву  6:4, 6:3. Яшчэ дзве беларускія тэнісісткі раней выйшлі ў 1/16 фіналу. Дзявятая ракетка свету Арына Сабаленка ўпэўнена перайграла ў двух сэтах харвацкую тэнісістку Петру Марціч  – 6:1, 6:4, а Аляксандра Сасновіч адолела аўстралійку Астру Шарму – 6:1, 4:6, 6:1.

«Краснадар» Мартыновіча абыграў «Порту»

Футбалісты „Краснадара”, капітанам якога з’яўляецца беларускі абаронца Аляксандр Мартыновіч, сенсацыйна абыгралі „Порту” 3:2 і выйшлі ў плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў. Пасля хатняй паразы з лікам 0:1 краснадарцы ў першым тайме гасцявога паядынку тройчы забілі ў браму партугальскага клуба. На 3-й хвіліне лік адкрыў Тоні Вільена, а на 13-й і 34-й хвілінах вызначыўся Магамед-Шапі Сулейманаў. Пасля перапынку футбалісты „Порту” скарацілі разрыў да мінімуму, але для агульнага поспеху гэтага не хапіла. Перамогшы па суме двух паядынкаў 3-га кваліфікацыйнага раўнду „Краснадар”, які дэбютуе ў Лізе чэмпіёнаў, прабіўся ў плэй-оф галоўнага клубнага турніру Старога Свету. Гэтага не змаглі зрабіць футбалісты кіеўскага „Дынама”, якіх трэніруе беларускі спецыяліст Аляксандр Хацкевіч. Прайграўшы ў гасцях бельгійскаму „Бруге” 0:1, кіяўляне на сваім полі тройчы вялі ў ліку, але не ўтрымалі перамогу, прапусціўшы мяч на 6-й кампенсаванай хвіліне другога тайма – 3:3. Дынамаўцы працягнуць еўракубкавы сезон у Лізе Еўропы. Там жа згуляе і вугорскі „Ферэнцвараш” з беларускім форвардам Мікалаем Сігневічам у складзе. Пасля нічыі у Заграбе з харвацкім „Дынама” 1:1 чэмпіёны Вугоршчыны ў Будапешце нечакана прайгралі з буйным лікам 0:4 і выбылі з Лігі чэмпіёнаў. Супернік барысаўскага БАТЭ па другім раўндзе кваліфікацыі чэмпіёнскай Лігі нарвежскі „Русенборг” працягвае барацьбу за выхад у групавы этап. У 3-м раўндзе чэмпіён Нарвегіі быў мацней за славенскі „Марыбар”, перамогшы з аднолькавым лікам 3:1 дома і ў гасцях. У плэй-оф кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў прабіліся таксама аўстрыйскі ЛАСК, нідэрландскі „Аякс”, кіпрскі АПОЭЛ, грэцкі „Алімпіякас”, румынскі „Клуж” і сербская „Црвена Звезда”.

Футбалісткі „Мінска” прабіліся ў плэй-оф жаночай Лігі чэмпіёнаў

У вырашальным паядынку за месца ў 1/16 фіналу мінчанкі абыгралі харкаўскі клуб „Жылстрой-1” з лікам 2:0. У самым канцы першай паловы сустрэчы Эмуэджэ Агбіагбева забіла першы гол у браму гаспадынь, а ў пачатку другога тайма Анастасія Лінік ўсталявала канчатковы лік. Лёсаванне пар 1/16 фіналу адбудзецца 16 жніўня ў штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне.

«Дынама» пакіне шэраг маладых хакеістаў

Браты Сяргей і Аляксандр Маляўка, Максім Парфеявец, Арцём Волкаў і Віктар Масілевіч пакідаюць хакейны клуб „Дынама-Мінск”. Такое рашэнне прынята трэнерскім штабам „зуброў” па выніках Кубка губернатара Ніжагародскай вобласці, дзе менчукі занялі апошняе чацвёртае месца. „У гэтым сезоне хакеісты, з якімі растаемся, наўрад ці атрымалі б шмат гульнявой практыкі ў „Дынама”, – пракаментаваў рашэнне штаба генеральны дырэктар клуба Дзмітрый Баскаў.  Усе яны ўваходзяць у сферу інтарэсаў нацыянальнай зборнай, і наша агульная задача – у аптымальнай форме падвесці іх да чэмпіянату свету. Упэўнены, што гэтыя хакеісты ўзмоцняць любы клуб экстралігі і сваёй гульнёй упрыгожаць нацыянальнае першынства”, – дадаў Баскаў.

Беларускія баскетбалісты згуляюць з албанцамі ў рамках Еўра-2021

Баскетбалісты зборнай Беларусі правядуць сёння заключны хатні паядынак другога раўнда кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы 2021. На пляцоўцы менскага „Фалькон клуба” падначаленыя Аляксандра Круцікава прымуць аўтсайдара групы Е каманду Албаніі (пачатак гульні у 19.00 па беларускім часе). Пасля двух тураў беларусы ў групе займаюць другое месца, і калі здолеюць заняць першае, то трапяць у квартэт С, дзе  супернікамі будуць зборныя Літвы, Бельгіі і Чэхіі. Фінальны этап чэмпіянату Еўропы з удзелам 24 каманд пройдзе ў жніўні 2021 года на арэнах Грузіі, Чэхіі, Нямеччыны і Італіі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота naviny.by