Азаранка прабілася ў чвэрцьфінал US Open
Вікторыя Азаранка выйшла ў чвэрцьфінал адзіночнага разраду адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе. У 1/8 фіналу экс-першая ракетка планеты перайграла ў трохсэтавым паядынку чэшку Караліну Мухаву – 5:7, 6:1, 6:4. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 23 хвіліны. У паядынку за выхад у паўфінал суперніцай беларускай тэнісісткі будзе бельгійка Эліз Мёртэнс, якая ў 1/8 фіналу перамагла чацвёртую ракетку свету прадстаўніцу ЗША Сафію Кенін – 6:3, 6:3.
Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі згуляюць у гасцях з Партугаліяй
Футбалісты моладзевай зборнай Беларусі правядуць сёння чарговы адборавы матч чэмпіянату Еўропы 2021. Гульня пачнецца сёння ў 19.30 па беларускім часе. У мінулым туры беларусы ў Жодзіне пацярпелі буйную паразу ад каманды Нідэрландаў – 0:7, а партугальскія футбалісты разграмілі ў гасцях кіпрыётаў – 4:0. Беларусы, маючы 8 ачкоў, займаюць чацвёртае месца ў кваліфікацыйнай групе, лідыруюць Нідэрланды – 15 ачкоў і Партугалія – 12. У фінальную стадыю маладзёжнага першынства кантынента выйдуць пераможцы дзевяці кваліфікацыйных груп і пяць лепшых каманд, якія занялі другія месцы.
Беларускія валейбалісты саступілі Чэхіі на юніёрскім ЧЕ ў Італіі
Беларускія валейбалісты саступілі супернікам з Чэхіі на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы ў Італіі. Падначаленыя Аляксея Кавалёва саступілі ў трох сэтах — 0:3. Самым выніковым у шэрагах беларусаў стаў Глеб Азаранка, які набраў 10 ачкоў, чатыры з іх – дзякуючы падачам на вылет. Пасля двух матчаў беларусы замыкаюць табліцу ў сваёй групе, лідыруюць польскія валейбалісты, якія набралі 6 ачкоў. З імі беларусы і згуляюць у наступным туры 9 верасня.
Хакеісты менскага „Дынама” саступілі „Салавату Юлаеву”
Хакеісты менскага „Дынама” саступілі ўфімскаму „Салавату Юлаеву” ў хатнім матчы чэмпіянату КХЛ. Паядынак на „Мінск-Арэне” завяршыўся на карысць гасцей — 3:4. Пры гэтым па ходу матча «зубры» выйгравалі з лікам 2:0. У складзе «Дынама» закінутымі шайбамі адзначыліся Аляксей Протас, Шэйн Прынс і Арцём Дзямкоў. Цяпер беларускую каманду ў КХЛ чакае яшчэ адна сустрэча на хатняй пляцоўцы. 9 верасня ў 19.30 „зубры” выйдуць на лёд „Мінск-Арэны” супраць казанскага „Ак Барса”.
Хакеісты „Дынама-Маладзечна” выйгралі ў „Нёмана” ў матчы чэмпіянату Беларусі
Хакеісты „Дынама-Маладзечна” святкавалі перамогу над гарадзенскім „Нёманам” з лікам 3:2. Сустрэча пры ліку 2:2 перайшла ў авертайм, а ў выніку лёс матчу вырашала булітная серыя. Тут поспех быў на баку каманды з Менскай вобласці. Пераможны кідок на рахунку Ігара Мартынава. У астатніх матчах гульнявога дня першага тура аршанскі „Лакаматыў” разграміў „Магілёў” – 6:1, а „Гомель” прайграў „Металургу” са Жлобіна ў палескім дэрбі — 1:4.
„Тампа” разграміла „Нью-Ёрк Айлэндэрз” у першым матчы фіналу Усходняй канферэнцыі НХЛ
„Тампа” разграміла „Нью-Ёрк Айлэндэрз” у першым матчы фіналу Усходняй канферэнцыі НХЛ з лікам 8:2. Другі матч фінальнай серыі Усходняй канферэнцыі адбудзецца 10 верасня. У вырашальнай серыі Заходняй канферэнцыі „Далас” выйграе ў „Вегаса” – 1:0. Другая гульня гэтых каманд пройдзе 9 верасня ў Эдмантане.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя