Азаранка разграміла Сасновіч у парным матчы і выйшла ў фінал US Open
Вікторыя Азаранка і Аляксандра Сасновіч другі раз сапернічалі ў парным разрадзе. У дуэце з аўстралійкай Эшлі Барці Азаранка буйна перамагла Сасновіч, якая выступала разам са славачкай Вікторыяй Кужмавай, у паўфінале адкрытага чэмпіянату ЗША – 6:0, 6:1. Паядынак доўжыўся ўсяго 56 хвілін.
„Нёман” абыграў «Дынама-Маладзечна» у матчы чэмпіяна краіны па хакеі
У матчы чэмпіянату Беларусі па хакеі „Нёман” на сваім лёдзе перамог „Дынама-Маладзечна” з лікам 5:4. Дублем у складзе маладзечанскага клуба адзначыўся Павел Баярчук. У іншых матчах дня „Ліда” саступіла „Шахцёру” – 0:2. З такім жа лікам „Металург” на хатняй арэне прайграў – „Магілёву”.
Верамеенка будзе выступаць за «Гарызонт»
Вядомая беларуская баскетбалістка Настасся Верамеенка працягне сваю кар’еру ў „Гарызонце”. Паводле інфармацыі пабліка „HOOPS BELARUS” Вконтакте, клуб пацвердзіў наяўнасць 32-гадовай центравой ў заяўцы. Верамеенка зможа выступаць за каманду ў чэмпіянаце Беларусі і ў міжнародных турнірах. Раней баскетбалістка выступала за турэцкі „Фенербахчэ”.
Мархель патлумачыў, чаму ўзяў толькі двух гульцоў берасцейскага «Дынама»
Галоўны трэнер зборнай Беларусі Міхаіл Мархель у Таліне распавёў выданню «Прессбол», чаму выкліў ў склад нацыянальнай зборнай усяго двух гульцоў лідара чэмпіяната Беларусі берасцейскага «Дынама». Па яго словах, гэта абставіны – і не больш. Мархель разлічваў на Няхайчыка і Лапцева. Гэта стрыжневыя гульцы Берасця. Так, ёсць Кісляк, хто-небудзь з абаронцаў – Вераціла, напрыклад. Але, у любым выпадку, трэба было выбіраць, і зараз зрабілі стаўку на іншых гульцоў. Мархель лічыць, што футбалісты БАТЭ больш сыграныя. Нацыянальная зборная Беларусі правядзе сёння, 6 верасня, адборавы матч чэмпіянату Еўропы-2020 супраць эстонцаў. Паядынак пройдзе ў Таліне, на 15-тысячнай арэне і пачнецца ў 19.00 па беларускім часе.
Дзве беларускія лёгкаатлеткі выступяць у фінальным этапе „Брыльянтавай лігі”
За ўзнагароды фінальнага этапу спаборніцтваў, які пройдзе сёння ў Брусэлі, у скачках у вышыню пазмагаецца беларуска Карына Дземідзік. У фінальную частку спаборніцтваў кваліфікаваліся 12 лёгкаатлетак, якія набралі найбольшую колькасць ачкоў на папярэдніх этапах. Канкурэнцыю беларускай спартоўцы складуць шматразовыя пераможцы і прызёры сусветных і кантынентальных форумаў. У забегу на дыстанцыі 100 м з бар’ерамі прыме ўдзел Эльвіра Герман. Беларуска будзе стартаваць па цэнтральнай пятай дарожцы ў кампаніі наймацнейшых саперніц.
Яшчэ тры беларускія спартоўцы ўвайшлі ў каманду Еўропы перад лёгкаатлетычных матчам Еўропа – ЗША
Беларускі атлет Віталь Парахонька змяніў у складзе зборнай немца Грэгары Трабера ў бегу на 110 м з бар’ерамі. Кацярына Карняенка выйдзе на старт дыстанцыі 3000 м. У бегу на 800 м выступіць Юлія Кароль, якая вярнулася ў спорт пасля нараджэння дзіцяці і якая праводзіць свой першы спаборніцкі сезон. Раней спартоўка стала пераможцай чэмпіянату Беларусі па лёгкай атлетыцы. Чакаецца, што ўдзел у матчы Еўропа – ЗША прымуць каля 350 атлетаў. З іх у камандзе Еўропы выступяць 14 беларусаў. Матч пройдзе 9-10 верасня на Нацыянальным алімпійскім стадыёне „Дынама”.
Полькі абыгралі немак і выйшлі ў паўфінал чэмпіяната Еўропы па валейболе
На чэмпіянаце Еўропы па валейболе сярод жаночых каманд вызначыліся паўфіналісты, якія працягнуць барацьбу за ўзнагароды. Дзеючыя чэмпіёнкі кантынента сербскія валейбалісткі ў чвэрцьфінале ўпэўнена перамаглі балгарак – 3:0. У паўфінале яны сустрэнуцца з камандай Італіі, якая абыграла расіянак з лікам 3:1. Срэбраны прызёр ЧЕ-2017 каманда Нідэрландаў выбыла з барацьбы за медалі, саступіўшы уладальнікам бронзы мінулага кантынентальнага першынства зборнай Турцыі – 0:3. Саперніцамі турчанак будуць польскія валейбалісткі, якія перамаглі немак – 3:2.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя