Азаранка саступіла на старце French Open



На парыжскіх кортах „Ралан Гарос” працягваюцца матчы другога ў сезоне тэніснага турніру серыі „Вялікага шлема” – адкрытага чэмпіянату Францыі. У першым раундзе жаночага адзіночнага разраду 18-ы нумар сусветнага рэйтынгу беларуска Вікторыя Азаранка сустракалася з 42-й ракеткай планеты прадстаўніцай Канады Б’янкай Андрэеску і саступіла ў трохсэтавым паядынку – 6:2, 3:6, 4:6. Матч працягваўся 2 гадзіны 30 хвілін. Першая ракетка свету полька Іга Швёнтэк нанесла паразу іспанцы Крысціне Бучэ з лікам 6:4, 6:0. Другі нумар рэйтынгу АТП Данііл Мядзведзеў пацярпеў сенсацыйную паразу ад 172-й ракеткі свету бразільца Цьяга Уайлду з лікам 6:7 (5), 7:6 (6), 6:2, 3:6, 4:6. Матч доўжыўся 4 гадзіны 15 хвілін.

Гаўрус падпісаў новы кантракт са жлобінскім „Металургам”

Форвард Артур Гаўрус падпісаў новы кантракт з „Металургам”. Вопытны 29-гадовы нападнік заключыў аднагадовую дамову. „У двух папярэдніх чэмпіянатах Артур дабраўся з камандай да залатых медалёў і стаў двухразовым чэмпіёнам краіны. За „Металург” згуляў 95 матчаў, набраў у іх 46 (22+24) ачкоў пры паказчыку карыснасці „+13”. Летась Гаўрус перанёс дзве аперацыі , з-за чаго сезон для яго апынуўся крыху змазаны, аднак на фінішы плэй-оф форвард праявіў сябе з найлепшага боку. Артур набраў 3 (1+2) ачкі ў шостым матчы фіналу і пачаў адзіную галявую атаку ў сёмым, якая апынулася вырашальнай.

Карпіцкі прызнаны лепшым гульцом 10-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі

Нападнік салігорскага „Шахцёра” Ягор Карпіцкі прызнаны лепшым гульцом 10-га тура чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. У пераможным хатнім паядынку з бабруйскай „Белшынай” 19-гадовы форвард салігорскай каманды аформіў хет-трык і выйшаў у лідэры бамбардзірскай гонкі, маючы ў сваім актыве 10 забітых мячоў. Ягор Карпіцкі таксама стаў аўтарам самага прыгожага гола мінулага тура. У сярэдзіне першай паловы гульні пры ліку 1:1 ён абыграў трох гульцоў гасцей і вывеў сваю каманду наперад.

Мудрык увайшоў у тройку самых хуткіх гульцоў сезона ў АПЛ

Сталі вядомыя гульцы, якія развілі максімальную хуткасць у гэтым сезоне англійскай прэм’ер-лігі. Як паведамляе Opta, першае месца ў рэйтынгу заняў правы абаронца „Манчэстэр Сіці” Кайл Уолкер, які развіў хуткасць 37,31 км/г. Паўабаронца „Нотынгем Форэст” Брэнан Джонсан разагнаўся да 36,7 км/г. Нападнік „Чэлсі” Міхаіл Мудрык развіў хуткасць 36,63 км/г. Пры гэтым Мудрык, які перайшоў у „Чэлсі” з „Шахцёра” за 100 мільёнаў еўра, пакуль не вызначыўся голам за „арыстакратаў”.

Неймар адхіліў прапанову з Саудаўскай Аравіі на 400 мільёнаў еўра

Неймар не хоча гуляць у Саудаўскай Аравіі, нягледзячы на буйную прапанову. Як паведамляе Foot Mercato, блізкаўсходні клуб зрабіў форварду „ПСЖ” прапанову на суму 400 міліёнаў еўра, але бразілец адказаў адмовай. Яго цікавяць толькі два клубы: яго цяперашні і „Манчэстэр Юнайтэд”. У выпадку з манкуніянцамі, аб перамовах з якімі паведамлялася раней, магчымасць заключэння здзелкі будзе залежаць ад таго, ці купяць каманду катарцы. „ПСЖ” гатовы прадаць Неймара, каб знізіць выдаткі на заробкі. Таксама ў клубе не вельмі задаволены яго паводзінамі.

Футбалісты „Севільі” і „Ромы” сустрэнуцца ў фінале Лігі Еўропы

Футбалісты іспанскай „Севільі” і італьянскай „Ромы” сёння сустрэнуцца ў вырашальным паядынку Лігі Еўропы УЕФА. Сустрэчу, якая пройдзе на полі „Пушкаш Арэны” ў Будапешце, будзе судзіць брыгада ангельскіх арбітраў на чале з Энтані Тэйларам. У паўфіналах іспанскі клуб быў мацней за італьянскі „Ювентус” з Турына, а рымляне перамаглі па суме двух матчаў нямецкі „Баер” з Леверкузена. Футбалісты „Севільі” з’яўляюцца рэкардсменамі па колькасці перамог у другім па рангу кантынентальным турніры: яны выйгравалі Лігу Еўропы 6 разоў.

Беларускае Радыё Рацыя