Азаранка выйшла ў 1/32 фіналу US Open
У Нью-Ёрку пачаўся апошні ў сезоне тэнісны турнір серыі „Вялікага шлема” – адкрыты чэмпіянат ЗША. Першай з прадстаўнікоў Беларусі на корт выйшла 18-ы нумар сусветнага рэйтынгу Вікторыя Азаранка. У 1/64 фіналу жаночага адзіночнага разраду экс-першая ракетка планеты сустракалася з францужанкай Фіёнай Фэра і ўпэўнена перамагла ў дзвюх партыях – 6:1, 6:2. Паядынак працягваўся 1 гадзіну 15 хвілін. Ілля Івашка вёў 2:0 па сэтах, але не змог прабіцца ў другі раунд US Open. Супернікам адзінага беларускага тэнісіста, які атрымаў пропуск у аснову мужчынскага адзіночнага разраду ў Нью-Ёрку, быў аргенцінец Хуан-Мануэль Чарундала. У трэцім сэце пры ліку 3:3 беларус саступіў пяць геймаў запар. Гэты момант апынуўся ключавым. Далей ініцыятывай валодаў Чарундала і пакінуў за сабой тры сэты – 2:6, 6:7 (4:7), 6:3, 6:3, 6:3.
Сяргей Гурэнка адпраўлены ў адстаўку з пасады галоўнага трэнера „Уфы”
Такое рашэнне прыняло кіраўніцтва клуба. „Уфа” пад кіраўніцтвам беларуса правяла ўсяго восем афіцыйных матчаў, здабыўшы дзве перамогі, тройчы згуляўшы ўнічыю і тройчы саступіўшы. Гурэнка кіраваў камандай з чэрвеня. „Уфа” займае перадапошняе, дзевятае месца ў сваёй групе ў трэцім па сіле расейскім дывізіёне.
Шуманскі вызначыўся ў другім афіцыйным матчы за „Арыс”
У рамках 2-га тура чэмпіянату Кіпра „Арыс”, які ўзначальвае беларускі спецыяліст Аляксей Шпілеўскі, перамог „Доксу” — 2:1. У гаспадароў з пачатку другога тайма з’явіўся на полі беларускі нападнік Арцём Шуманскі. А на 58-й хвіліне ён адкрыў лік у паядынку. Гэты гол стаў першым для 19-гадовага форварда за кіпрскі клуб, куды ён перабраўся ў канцы снежня мінулага года. Трэба сказаць, што Шуманскі праводзіў толькі другі афіцыйны матч за „Арыс”. У першай палове 2023-га ён аднаўляўся пасля траўмы.
Мікіта Феактыстаў будзе асістэнтам капітана „Сочы”
Пра гэта стала вядома на прэзентацыі каманды. Капітанам каманды прызначаны Кірыл Расказаў. Маючы адбыцца сезон стане для Мікіты Феактыстава чацвёртым у складзе „леапардаў”, за клуб ён правёў агулам 119 гульняў і запісаў у асабістую статыстыку 38 (13+25) ачкоў. У КХЛ беларускі нападнік згуляў 164 матчы і набраў 45 (17+28) ачкоў.
Баскетбольны клуб „Менск” прадоўжыў кантракт з капітанам жаночай каманды
За каманду працягне выступаць Яўгенія Ігнаценка. У папярэднім сезоне Яўгенія прыняла ўдзел у 31 гульні чэмпіянату Беларусі. Сярэдняя статыстыка склала 3.1 ачка, 3.4 падбора, 2.3 перадачы, 1.2 перахопа крыху больш чым за 17 хвілін на паркеце ў сярэднім за матч, — падкрэслівае прэс-служба клуба. Ігнаценка, раней вядомая пад дзявочым прозвішчам Сцяпанава, правядзе ў „Мінску” ужо дзявяты сезон.
Беларускае Радыё Рацыя