Азаранка выйшла ў 1/8 фіналу тэніснага турніру ў Нідэрландах



Беларуская тэнісістка, 19-ы нумар сусветнага рэйтынгу, Вікторыя Азаранка перамагла на старце турніру катэгорыі WTA-250 у нідэрландскім Хертагенбосе з прызавым фондам 259 тысяч даляраў.
У 1/16 фіналу экс-першая ракетка свету абыграла ў дзвюх партыях сербскую тэнісістку 231-ю ракетку планеты Наталлю Сцяванавіч – 7:6 (7:5), 6:2. Сустрэча працягвалася роўна дзве гадзіны. У матчы другога раунда суперніцай Вікторыі Азаранкі будзе пераможца сустрэчы паміж шведкай Рэбекай Петэрсан і амерыканкай Эшлін Кругер. Яшчэ адна беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч пачне выступы паядынкам з італьянкай Лукрэцыяй Стэфаніні.

Гол Кіміха з пенальці выратаваў Германію ад паразы ў матчы са зборнай Украіны

Зборная Украіны згуляла ўнічыю са зборнай Германіі ў таварыскім матчы – 3:3. Дублем вызначыўся хаўбек „Жыроны” Віктар Цыганкоў. Таксама ў „актыў” украінцаў увайшоў аўтагол Антоніа Рудзігера. За зборную Германіі вызначыліся Ніклас Фюлькруг, Кай Хаверц і Ёзуа Кіміх, які на 91-й хвіліне рэалізаваў пенальці і выратаваў немцаў ад паразы. Гэты матч стаў дэбютным для галоўнага трэнера Сяргея Раброва. Далей украінцаў чакаюць матчы адбору на Еўра-2024 супраць Мальты і Паўночнай Македоніі.

Савіцкі – адзінаццаты гулец, які набраў у вышэйшай лізе 150 ачкоў па сістэме „гол + пас”

Гарадзенскі „Нёман” перамог мазырскую „Славію” ў матчы 12-га тура чэмпіянату краіны – 1:0.
Павел Савіцкі стаў адзінаццатым гульцом чэмпіяната, які набраў у вышэйшай лізе 150 (107+43) ачкоў па сістэме „гол+пас”. У топ-5 самых карысных гульцоў уваходзяць: Раман Васілюк – 322 (218+104), Валерый Стрыпейкіс – 227 (174+53), Ігар Стасевіч – 212 (71+141), Віталь Радзівонаў – 199 (145+54) і Дзмітрый Камароўскі – 183 ачкі (93 +90). Савіцкі, які ўзначаліў спіс лепшых бамбардзіраў „Нёмана” ў вышэйшай лізе, акругліў да 70 лік галоў у гульнях за гарадзенцаў.

Марк-Андрэ тэр Стэген прызнаны лепшым гульцом чэмпіянату Іспаніі

Брамніка „Барселоны” Марка-Андрэ тэр Стэгена прызналі лепшым гульцом чэмпіянату Іспаніі мінулага сезона. Пра гэта паведамляе прэс-служба каталонскага клуба. Нямецкі галкіпер па ходу чэмпіянату пабіў рэкорд „Барселоны” па колькасці „сухіх” матчаў у адным сезоне Ла Лігі. Тэр Стэген прыняў удзел ва ўсіх 38 гульнях іспанскага чэмпіянату і здолеў не прапусціць у 26 з іх. Такім чынам, тэр Стэген пабіў рэкорд Клаўдыё Брава, які правёў 23 „сухія” матчы ў сезоне-2014/2015.

Беларусы заваявалі восем узнагарод на юніёрскім чэмпіянаце свету па хуткіх шахматах

Беларускія шахматысты заваявалі 8 узнагарод на юніёрскім чэмпіянаце свету па рапіду і бліц, які праходзіў у грузінскім Батумі. Адзінае золата ў скарбонку беларускай каманды паклала Анастасія Севасцьянчук, якая выйграла турнір па бліц ва ўзроставай катэгорыі да 10 гадоў.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел каля 500 юных шахматыстаў з 36 краін свету.

Беларускае Радыё Рацыя