Азаранка выйшла ў другі раунд Уімблдонскага турніру
Беларуская тэнісістка 20-ы нумар сусветнага рэйтынгу Вікторыя Азаранка прабілася ў другі раўнд Уімблдонскага турніру, трэцяга ў сезоне з серыі „Вялікага шлема”. Экс-першая ракетка планеты адолела ў трохсэтавым паядынку кітаянку Юэ Юань – 6:4, 5:7, 6:4. Сустрэча працягвалася 2 гадзіны 40 хвілін. Наступнай суперніцай Азаранкі будзе прадстаўніца Аргенціны 80-я ракетка планеты Надзя Падарошка.
Сёння Арына Сабаленка сустрэнецца з венгерскай тэнісісткай Паннай Удвардзі. Аляксандра Сасновіч згуляе з іспанкай Нурыяй Парызас Дыяс.
Легенда „Нёмана” Дзмітрый Кавалёнак пакінуў пасаду спартовага дырэктара клуба.
Пра гэта паведамляе „Заўзеем за „Нёман”. „Іншых каманд, акрамя „Нёмана”, для мяне не існуе. У мяне сэрца ўжо „жоўта-зялёнае”, – адзначаў Зміцер. Не так даўно Кавалёнка затрымлівалі, але пазней, як паведамлялася, ён выйшаў на волю.
Чарняк працягне кар’еру ў чэмпіянаце Казахстана
У саліднай беларускай дыяспары ў Казахстанскай прэм’ер лізе папаўненне. Ілля Чарняк перабраўся ў „Каспій”. Там ён стане чацвёртым беларусам: за клуб з Актаў выступаюць Максім Плотнікаў, Аляксей Залескі і Дзмітрый Падстрэлаў. Сёлета Чарняк у другой палове чэмпіянату Расіі выступаў за „Ахмат”, у форме якога правёў два матчы. Гуляў Ілля за грозненскі клуб на правах арэнды з „Шахцёра”. „Каспій” ідзе на перадапошнім месцы ў чэмпіянаце Казахстана.
Кульбакоў абслужыць матчы чэмпіянату Лівіі
З 4 па 10 ліпеня брыгадзе беларускага суддзі Аляксея Кульбакова (яму дапамагаюць Дзмітрый Жук і Алег Маслянка) трэба будзе правесці два матчы плэй-оф чэмпіянату Лівіі. Дарэчы, гульні гэтага турніру з-за меркаванняў бяспекі праходзяць у Тунісе. Ніколі раней беларускія арбітры не судзілі ў гэтай паўночнаафрыканскай краіне. Дарэчы, у сярэдзіне красавіка Аляксей Кульбакоў стаў першым беларускім арбітрам, які дасягнуў мяжы 500 матчаў на вышэйшым роўні.
Германія з меркаванняў бяспекі не прыме беларусаў і расейцаў на ЧС па веславанні на байдарках і каноэ.
Беларусы і расейцы не змогуць прыняць удзел у чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ ў Дуйсбургу з 23 па 27 жніўня, які стане адборавым стартам на Алімпійскія гульні-2024. Пра гэта паведаміў галоўны трэнер зборнай Расеі Аляксандр Кастаглод.
„Атрымалі лісты ад італьянскага боку, дзе праводзілася першынство свету да 19 і 23 гадоў, і ад нямецкага боку, дзе будзе праходзіць дарослы чэмпіянат свету. У іх паведамляецца, што расейскія і беларускія спартоўцы не могуць узяць удзел у гэтых турнірах з прычыны таго, што італьянцы і немцы не могуць гарантаваць іх бяспеку. Таму мы не атрымаем запрашэнне на гэтыя спаборніцтвы”, — цытуе Кастаглода ТАСС. У канцы красавіка Міжнародная федэрацыя веславання на байдарках і каноэ прыняла рашэнне аб допуску беларускіх і расейскіх спартоўцаў на міжнародныя спаборніцтвы ў нейтральным статусе.
Беларускае Радыё Рацыя
