Азаранка выйшла ў паўфінал турніру серыі у Гвадалахары
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка выйшла ў паўфінал прадстаўнічага міжнароднага турніру ВТА 1000 у Гвадалахары, абыграўшы 7-ю ракетку планеты амерыканку Коры Гаўф 7:6, 4:6, 6:3. Гульня працягвалася 2 гадзіны 46 хвілін.
Халеп адхілена ад спаборніцтваў з-за допінгу
Былая першая ракетка свету Сімона Халеп адхілена ад спаборніцтваў за парушэнне антыдопінгавых правіл. Румынка праваліла допінг-тэст на „US Open”-2022, дзе Сымона прайграла ў першым раўндзе ўкраінцы Дар’і Снігур — 2:6, 6:0, 4:6. У крыві спартоўкі, якая цяпер займае дзевятае месца ў сусветным рэйтынгу, выявілі забаронены прэпарат роксадустат, які прымяняецца пры лячэнні анэміі. Халеп скарысталася сваім правам запытаць аналіз пробы „Б”, што пацвердзіла вынікі пробы „А”, паведамляе сайт International Tennis Integrity Agency.
„Вітэн” перамог „Мінск” у чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе
Аршанскі „Вітэн” працягнуў пераможную серыю на старце чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. Сваю чацвёртую вікторыю запар аршанцы святкавалі на сваёй пляцоўцы, абыграўшы бронзавага прызёра мінулага першынства „Мінск” 5:3. Сёння ў Гародні мясцовы клуб „УУС-Дынама” прыме сталічны „Дарожнік”. Акрамя таго, яшчэ дзве сустрэчы адбудуцца ў Мінску: „Ахова-Дынама” – БЧ (Гомель), „Дынама-БНТУ” згуляе з „Барысаў-900”. Матч паміж ВРЗ і чэмпіёнамі краіны „Сталіцай” перанесены на 5 лістапада.
Хвашчынскі прызнаны лепшым гульцом 26-га тура чэмпіянату Беларусі
Уладзімір Хвашчынскі прызнаны лепшым іграком 26-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. У пераможным хатнім паядынку з мазырскай „Славіяй”, які яго «Мінск» выйграў 5:0, 32-гадовы нападнік быў сапраўдным лідэрам сваёй каманды і чатыры разы забіў супернікам. Зараз у актыве Уладзіміра Хвашчынскага 17 забітых мячоў і ў гонцы бамбардзіраў цяперашняга чэмпіянату краіны ён саступае толькі ўзбекскаму форварду сталічнага „Энергетыка-БДУ” Бабіру Абдзіхолікаву, у якога 23 галы.
„Ювентус” разабраўся з „Эмпалі”
Футбалісты „Ювентуса” на хатняй арэне разграмілі „Эмпалі” ў матчы 11-га тура чэмпіянату Італіі. У складзе „Старой сіньёры” дубль на рахунку Адрыена Раб’ё. Па мячу ў браму гасцявой дружыны забілі Мойзэ Кін і Уэстан Макені. Упершыню ў бягучым сезоне турынцы выйгралі два матчы Серыі „А” запар.
Футбалісты „ПСЖ” упэўнена абыгралі „Аяча” 3:0 ў матчы 12-га тура чэмпіянату Францыі. Кіліян Мбапэ аформіў дубль пасля перадач Ліянэля Месі і сам асіставаў аргенцінцу падчас другога ўзяцця брамы карсіканцаў.
Шаранговіч выдаў горшы старт за тры сезоны ў НХЛ
Беларускі форвард „Нью-Джэрсі” Ягор Шаранговіч адзначыўся толькі адной выніковай перадачай у чатырох стартавых матчах рэгулярнага чэмпіянату НХЛ. Гэта найгоршы старт беларуса за тры гады ў наймацнейшай лізе свету. Сёлетні сезон з’яўляецца апошнім па кантракце Ягора з „Нью-Джэрсі”. У чатырох матчах „Дэвілз” набралі чатыры ачкі і займаюць пятае месца ў табліцы Сталічнага дывізіёна. Сёння „Нью-Джэрсі” прыме „Сан-Хасэ”. Пачатак паядынку – у 20.00 па беларускім часе.
Беларускае Радыё Рацыя
