Балгарыя-Беларусь-1:0. Суцэльны змрок



Футбольная зборная Беларусі фактычна страціла ўсе шанцы нават падтрымліваць інтрыгу ў сваёй адборавай групе да чэмпіянату свету 2018 году. У апошнім паядынку году каманда Аляксандра Хацкевіча паказала невыразную гульню і саступіла ў гасцях сярэдняй зборнай Балгарыі – 0:1.

Гаспадары поля не паказалі нічога выдатнага, але іх высілкаў хапіла для таго, каб здабыць тры ачкі. Адзіны мяч у сустрэчы быў забіты на 10-й хвіліне ў выніку „абрэзкі” беларусаў і імклівай контратакі супернікаў.

У другой палове сустрэчы беларусы больш валодалі мячом, мелі некалькі някепскіх момантаў, але ім відавочна бракавала імправізацыі і асабліва выканаўчага майстэрства. Урэшце за дзве жоўтыя карткі быў выдалены з поля Аляксандр Глеб. У самай канцоўцы мяч усё ж трапіў у браму Балгарыі, але арбітры зафіксавалі афсайд і гол не залічылі.

У гэты ж вечар зборная Нідэрляндаў з пэўнымі клопатамі адолела ў гасцях Люксембург – 3:1.

Такім чынам становішча ў турнірнай табліцы групы „А” пасля 4 тураў наступнае: Францыя- 10 ачкоў, Нідэрлянды і Швецыя – па 7, Балгарыя – 6, Беларусь – 2, Люксембург -1. Наступныя матчы пройдуць толькі ў сакавіку. Але спадзявацца беларускім заўзятарам па-сутнасці ўжо няма на што.

Беларускае Радыё Рацыя