„Барселона” прапануе за Роберта Левандоўскага максімум 35 млн еўра



Іспанская „Барселона” плануе пачаць перамовы з „Баварыяй” аб трансферы Роберта Левандоўскага найбліжэйшым часам.

Фота: novayapolsha.pl

Каталонскі клуб хоча дамовіцца аб набыцці 33-гадовага форварда за 30 мільёнаў еўра. Пры гэтым „Барса” можа павялічыць суму да 35 мільёнаў – гэта максімальны парог, устаноўлены кіраўніцтвам „сіне-гранатавых”. Сам паляк зацікаўлены ў пераходзе ў „Барселону” і гатовы пайсці на паніжэнне заробку. У „Баварыі” ён атрымлівае каля 22 млн еўра ў год. Калі трансфер у „Барсу” будзе ўзгоднены, Роберт пагодзіцца знізіць заробак на суму аж да 6 млн еўра

АТП не будзе пазбаўляць брытанскія турніры рэйтынгавых ачкоў з-за бана расейцаў і беларусаў

Асацыяцыя тэнісістаў-прафесіяналаў (ATP) не стане пазбаўляць рэйтынгавых ачкоў турніры Асацыяцыі лаўн-тэнісу (LTA), якія пройдуць у Вялікабрытаніі напярэдадні Уімблдона. 20 красавіка арганізатары Уімблдона – Асацыяцыя лаўн-тэнісу Вялікабрытаніі (LTA) і Усеанглійскі клуб лаўн-тэнісу і кракету – забаранілі расейцам і беларусам удзельнічаць у турніры. Як паведамляе Reuters, турніры ў Лондане і Істбурне, куды не дапусцілі расейскіх і беларускіх тэнісістаў, не будуць пазбаўлены магчымасці разыгрываць рэйтынгавыя ачкі.

Ліянэль Месі пераедзе ў MLS і купіць 35 працэнтаў акцый „Інтэр Маямі”

Нападнік „ПСЖ” Ліянэль Месі стане гульцом „Інтэр Маямі” ў 2023 годзе, паведамляе AS са спасылкай на журналіста Алекса Кандала. 34-гадовы аргентынец правядзе яшчэ адзін год у „ПСЖ”, пасля заканчэння кантракта з якім адправіцца ў клуб MLS. Пры гэтым футбаліст збіраецца набыць 35 працэнтаў акцый „Інтэр Маямі”. Цікава, што ўладальнікам клуба з’яўляецца экс-гулец „Манчэстэр Юнайтэд”, „Рэала” і зборнай Англіі Дэвід Бэкхэм. Адзначаецца, што кантракт паміж бакамі ўжо складзены і будзе падпісаны ў жніўні.

Уладальнікі „Ньюкасла” хочуць угаварыць Жазэ Мурынью вярнуцца ў АПЛ

Паводле інфармацыі газеты „Marca”, уладальнікі „Ньюкасла” жадаюць бачыць галоўным трэнерам „сарок” цяперашняга коўча „Ромы” Жазэ Мурынью. Босы з Саудаўскай Аравіі распачнуць спробу пераканаць 59-гадовага партугальца ўзначаліць клуб. Калі гэта здарыцца, то клуб адправіць у адстаўку Эдзі Хаў, якога па працы ў бягучым сезоне ўжо паспелі палюбіць заўзятары. Мурынью мае багаты досвед працы ў АПЛ: ён двойчы трэніраваў „Чэлсі”, з якім тройчы выйграў чэмпіянат, а таксама ўзначальваў „Манчэстэр Юнайтэд” і „Тотэнхэм”. Пры гэтым сам Жазэ нядаўна заяўляў, што мае намер застацца ў „Роме” на наступны сезон.

Беларускае Радыё Рацыя