Барыс Панкратаў стаў лепшым гульцом 5-га тура чэмпіянату Беларусі



 

Галкіпер „Слуцка” Барыс Панкратаў прызнаны найлепшым гульцом 5-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі па версіі асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”.

У мінулым туры „Слуцк” абыграў у Салігорску „Шахцёр” з лікам 2:1. Перамога была дасягнута дзякуючы выдатнай гульні 37-гадовага Барыса Панкратава. У мінулым туры найлепшым гульцом беларускага першынства быў названы бразільскі паўабаронца жодзінскага „Тарпеда-БелАЗ” Габрыэль Рамас.

Сяргей Гурэнка пакінуў пасаду галоўнага трэнера ФК „Дынама-Менск”

Сяргей Гурэнка сышоў з пасады галоўнага трэнера футбалістаў менскага „Дынама”. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце дынамаўскага клуба. Кантракт скасаваны па пагадненні бакоў. Сяргей Гурэнка ўзначаліў каманду ў чэрвені 2019 года, пад яго кіраўніцтвам менскае „Дынама” заняло 4-е месца ў чэмпіянаце Беларусі. У пяці стартавых матчах цяперашняга турніру дынамаўцы набралі 6 ачкоў, двойчы перамаглі і тройчы прайгралі.

Па дадзеных Pressball.by, новым рулявым „бела-сініх” стане Леанід Кучук. Апошнім месцам працы Леаніда Кучука быў украінскі „Рух” (Д2), які 60-гадовы трэнер пакінуў у снежні 2019 года. Кучук вядомы па працы ў маскоўскім „Лакаматыве” і „Кубані”.

Чэмпіянат свету па акадэмічным веславанні пройдзе ў кастрычніку

Чэмпіянат свету па акадэмічным веславанні-2020, які павінен быў прайсці ў Познані 5-7 чэрвеня, адбудзецца ў кастрычніку. Такая інфармацыя размешчана на афіцыйным сайце міжнароднай федэрацыі гэтага віду спорту. Апошнім тэрмінам для сцвярджэння месца правядзення будзе 31 ліпеня. Канчатковае рашэнне на гэты конт будзе прынята пасля ацэнкі сітуацыі з распаўсюдам COVID-19.

Уладзіслаў Барылаў прапусціць матч з БГК ім. Мяшкова. У яго жонкі знойдзены каронавірус

Па звестках pressball.by, 22-гадовы правы паўсярэдні „Машэкі” Уладзіслаў Барылаў не згуляе ў матчы чэмпіянату краіны супраць БГК ім. Мяшкова, які пройдзе ў сераду (16.00) у Магілёве. Гулец знаходзіцца на каранціне. У жонкі гандбаліста знойдзены каронавірус. Пры гэтым тэст Барылава даў адмоўны вынік. Паядынак „Машэкі” і БГК павінен адбыцца, як і планавалася.

Беларускі паўсярэдні вугорскага „Чурго” Алег Астрашапкін пяройдзе ў маскоўскі ЦСКА

Беларускі правы паўсярэдні Алег Астрашапкін пакіне „Чурго” і стане гульцом ЦСКА. Пра гэта паведамляе „Хуткі цэнтр” са спасылкай на сайт вугорскага клуба. Алег Астрашапкін стаў найлепшым бамбардзірам „Чурго” ў гэтым сезоне. Усяго беларус закінуў у складзе вугорскага клуба 370 мячоў у 87 матчах.

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: з групы „Укантакце” СФК «Слуцк»