Баскетбалістка Алена Леўчанка пасля 15-суткавага арышту зноў затрыманая
Баскетбалістка Алена Леўчанка, якая павінна была выйсці на волю пасля 15-суткавага арышту, зноў затрыманая. Пра гэта паведамляюць яе сваякі і сябры, якія сабраліся раніцай 15 кастрычніка каля ізалятара на Акрэсціна, каб сустрэць спартсменку.
Леўчанка затрыманая на 72 гадзіны. У яе наперадзе новы суд па яшчэ адной адміністрацыйнай справе.
Леўчанка была затрыманая раніцай 30 верасня ў мінскім аэрапорце перад вылетам на лячэнне і рэабілітацыю. У гэты ж дзень суд Ленінскага раёна арыштаваў спартсменку на 15 сутак па арт. 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Леўчанцы ставіўся ў віну ўдзел у двух масавых мерапрыемствах у Мінску: 23 жніўня — на праспекце Незалежнасці і 27 верасня — на праспекце Машэрава. Суддзя прыняла рашэнне арыштаваць спартсменку з улікам „яе грамадскай небяспекі з прычыны таго, што баскетбалістка з’яўляецца злосным парушальнікам — да гэтага парушала ПДР”.
Баскетбалістка ўваходзіць у ініцыятыву „Свабоднае аб’яднанне спартсменаў Беларусі”, створаную ў пачатку верасня вядомымі беларускімі спартсменамі супраць гвалту і самавольства ў краіне. 25 верасня ініцыятыва апублікавала відэазварот. Вядомыя спартсмены, у тым ліку Леўчанка, казалі пра тое, што „дзяржаўныя органы штодня і паўсюдна парушаюць Канстытуцыю, законы і Алімпійскую хартыю і базавыя правы чалавека — людзей запалохваюць, затрымліваюць, рэпрэсуюць і катуюць”. Яны заклікалі сваіх „калег-спартсменаў, балельшчыкаў і ўсіх людзей на планеце” стаць на іх бок „у гэтай вайне паміж дабром і злом”. Супраць гвалту ўладаў Алена Леўчанка неаднаразова выказвалася і асабіста, яна таксама хадзіла на нядзельныя маршы прыхільнікаў перамен.