Баскетбалісткі Беларусі перамаглі зборную Польшчы



У польскім Валбжыху 11 лістапада ў адборавым турніры да жаночага баскетбольнага чэмпіянату Еўропы 2019 года стартавалі дружыны Польшчы і Беларусі. У прынцыповым змаганні перамаглі беларускі – 70:62.

Тым самым каманда Наталлі Трафімавай узяла рэванш за паразу ў тым жа Валбжыху два гады таму, калі беларуская дружына набрала ў заключнай чвэрці толькі адно ачко.

Абедзве каманды выступаюць у кваліфікацыйным квартэце „В”. У гэтай групе таксама зборныя Турцыі і Эстоніі.

Першую чвэрць сустрэчы выйгралі полькі – 17:14, перад вялікім перапынкам гаспадыні пляцоўкі таксама былі наперадзе з лікам 32:29. А вось у трэцім перыядзе ініцыятыву сур’ёзна забралі ў свае рукі беларускія баскетбалісткі. Перад заключнай чвэрцю табло высвечвала ўжо 49:57. Гэтую перавагу зборная Беларусі з цяжкасцямі, але захавала да фінальнай сірэны. У канцоўцы полькі даганялі і наўмысна фалілі, а беларускі рэалізоўвалі штрафныя кідкі.

У іншым матчы дня Эстонія прайграла Турцыі – 56:81. Наступныя гульні пройдуць 15 лістапада. Беларусь прыме Эстонію, а Польшча паедзе ў Турцыю.

Беларускае Радыё Рацыя