Баскетбалісткі Беларусі выйшлі на Еўра-2020!
Жаночая баскетбольная зборная Беларусі, насуперак многім песімістычным прагнозам, здолела заваяваць пуцёўку на фінальны турнір Еўрачэмпіянату 2020 года.
Апошні кваліфікацыйны паядынак праходзіў у Турцыі супраць дружыны гэтай краіны. Турцыя была лідарам адборавага квартэту і лічылася фаварытам гэтай сустрэчы. Аднак беларускі здолелі выявіць характар і майстэрства і перамаглі 60:56. Гэтай вікторыі хапіла толькі для другога месца, Беларусь пры роўнасці пунктаў апынулася ніжэй Турцыі па горшай розніцы мячоў па выніках дзвюх асабістых сустрэч. Аднак ачковы паказнік дазволіў кваліфікавацца ў фінальную частку Еўра і з другога месца.
Турцыя – Беларусь – 56:60 (17:17, 18:15, 10:14, 11:14).
Найбольш выніковай у складзе нашай каманды стала Кацярына Сныціна – 17 ачкоў. Яна выступае якраз у турэцкім чэмпіянаце. Каманда пад кіраваннем Наталлі Трафімавай выступала ў турэцкім горадзе Кайсеры ў такім складзе: Бэнтлі (2 ачкі + 6 падбораў), Ліхтаровіч (10 + 3 падб.), Папова (10 + 3 падб.), Сныціна (17 + 5 падб.), Верамеенка (6 + 8 падб.), Брыч (н.в.), Гаспер (7 + 11 падб. + 3 пасы), Голубева (н.в.), Масько (н.в.), Рыцікава (3 + 6 падб.), Тарасава (2 + 4 падб.), Зюзькова (3).
Турнірнае становішча ў групе „В” (без уліку апошняй сустрэчы Польшча-Эстонія):
Турцыя – 11 ачкоў
Беларусь – 11
Польшча – 6
Эстонія – 5.
Беларускае Радыё Рацыя