Баскетбалісткі „Гарызонта” другі раз запар сталі чэмпіёнкамі Беларусі



Баскетбалісткі „Гарызонта” другі раз запар сталі чэмпіёнкамі Беларусі. У трэцім паядынку серыі за залатыя медалі 30-га нацыянальнага першынства падначаленыя Наталлі Трафімавай выйгралі ў гарадзенскай „Алімпіі” з лікам 68:52. Гэта другі запар і 13-ты ў гісторыі чэмпіёнскі тытул баскетбалістак „Гарызонта”. У гэтым сезоне чэмпіёнкі не пацярпелі ніводнай паразы. Уладальніцамі бронзавых медалёў сёлетняга першынства сталі баскетбалісткі „Цмокi-Менск”, якія ў серыі за 3-е месца тройчы абыгралі суперніц з гарадзенскай „Вікторыі”. Лепшым гульцом першынства прызнана лідар чэмпіёнак Настасся Верамеенка.

Беларуска Арына Сабаленка пераможна стартавала на тэнісным турніры ў Стамбуле

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка паспяхова стартавала ў парным разрадзе турніру катэгорыі WTA-500 у нямецкім Штутгарце з прызавым фондам 757 тысяч даляраў. У матчы 1/8 фіналу беларуска і іспанская тэнісістка Паула Бадоса менш чым за паўтары гадзіны абыгралі ў двух сэтах аўстралійска-туніскі дуэт Элен Перэс / Унс Джабір – 7:5, 7:5. У адзіночным разрадзе Арына Сабаленка, якая займае чацвёртае месца ў сусветным рэйтынгу, пачне выступы з другога раунда, дзе яе суперніцай будзе пераможца паядынку 1/16 фіналу паміж немкай Юлі Німаер і прадстаўніцай Канады Б’янкай Андрэеску.

Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў прабіўся ў другі раунд турніру катэгорыі АТР-500 у іспанскай Барселоне з прызавым фондам 2 мільёны 600 тысяч еўра. У 1/32 фіналу Герасімаў, які займае 155-е месца ў сусветным рэйтынгу, перайграў у трохсэтавым паядынку прадстаўніка Францыі Адрыяна Манарыну, у якога 70-я пазіцыя, – 2:6, 6:3, 6:4. 

„Нью-Джэрсі” сенсацыйна перамог у Лас-Вегасе, у Ягора Шаранговіча — +1 

У рэгулярным чэмпіянаце НХЛ „Нью-Джэрсі” святкаваў выязную перамогу над „Вегасам”, які вядзе барацьбу за месца ў плэй-оф. У пераможцаў беларускі нападнік Ягор Шаранговіч правёў на пляцоўцы 16 хвілін 15 секунд, бамбардзірскіх балаў не набраў, кідкамі не вызначыўся, зарабіў +1 у графу „+/-„, запісаў у актыў адзін сілавы прыём. Усяго ў гэтым сезоне Шаранговіч правёў 70 матчаў, у якіх зарабіў 43 (22+21) бамбардзірскія балы і -6 карыснасці. З 61 ачком пасля 76 гульняў „Нью-Джэрсі” займае 14-е месца ва Усходняй канферэнцыі.

Суддзі з Расеі не будуць працаваць на чэмпіянаце свету-2022

Рэферы з Расеі не будуць працаваць на матчах чэмпіянату свету па хакею-2022 у Фінляндыі. Пра гэта распавёў прэзідэнт ІІХФ Люк Тардзіф. Чэмпіянат свету пройдзе з 13 па 29 траўня ў фінскіх гарадах Хельсінкі і Тампэрэ. Зборныя Беларусі і Расеі былі адхілены ад міжнародных хакейных турніраў да асаблівага апавяшчэння.

„Барселона” пацярпела паразу ад „Кадыса”

„Барселона” пацярпела сенсацыйную паразу ад „Кадыса” ў хатнім матчы 32-га тура чэмпіянату Іспаніі па футболе — 0:1. Каталонцы, якія ідуць другімі ў табліцы, адстаюць ад лідыруючага мадрыдскага „Рэала” на 15 ачкоў пры гульні ў запасе. „Рома” згуляла ўнічыю з „Напалі” ў выязным матчы 33-га тура чэмпіянату Італіі — 1:1. На гол Інсіньё з пенальці на 11-й хвіліне гульні рымская каманда адказала на першай даданай хвіліне матчу голам Эль-Шаараві. 

Беларускае Радыё Рацыя