Баскетбалісткі „Гарызонта” сталі першымі фіналісткамі чэмпіянату Беларусі
Баскетбалісткі „Гарызонта” сталі першымі фіналісткамі чэмпіянату Беларусі сярод жаночых каманд. У трэцім паядынку паўфінальнай серыі дзейныя чэмпіёнкі краіны разграмілі на выездзе баскетбалістак „Гомельскіх рысяў” 93:48. Раней падначаленыя Наталлі Трафімавай двойчы перамаглі на сваёй пляцоўцы – 97:69 і 76:55.
У трэцім матчы другой паўфінальнай пары гарадзенская „Алімпія” перамагла ў гасцях баскетбалістак „Мінска” з лікам 63:49 і выйшла наперад у серыі да трох перамог – 2:1. Чацвёртая сустрэча гэтых каманд адбудзецца заўтра ў Менску.
„Севілья” адыгралася з ліку 0:2 з „Манчэстэр Юнайтэд”
Завяршыліся першыя матчы чвэрцьфінальнай стадыі Лігі Еўропы па футболе. „Манчэстэр Юнайтэд” і „Севілья” згулялі на «Олд Трафард» унічыю 2:2. На 14-й хвіліне паўабаронца «Манчэстэр Юнайтэд» Марсэль Забіцэр адкрыў лік у матчы, на 21-й хвіліне аўстрыец аформіў дубль. На 84-й хвіліне рыкашэт ад Тырэла Маласія дазволіў «Севілье» адыграць адзін мяч, а ў кампенсаваны час аўтагол Гары Магуайра зраўняў лік у матчы. „Ювентус” мінімальна адолеў „Спортынг” 1:0. Адзіны мяч на 73-й хвіліне гульні забіў італьянскі абаронца Федэрыка Гаці. На 41-й хвіліне польскі брамнік турынцаў Войцэх Шчэнсны схапіўся за грудзі ў вобласці сэрца. Праз некаторы час да яго падышлі лекары, а паляк пачаў галасіць. У выніку галкіпера замянілі. Шчэнсны пакідаў поле самастойна. Тэрміновае абследаванне Войцэха Шчэнснага не выявіла ў галкіпера „Ювентуса” праблем з сэрцам. Нідэрландскі „Феенаорд” адолеў у Ратэрдаме італьянскую „Рому” – 1:0. Адзіны мяч забіў Мац Віфер, які вызначыўся на 53-й хвіліне сустрэчы.
„Фіярэнціна” разграміла „Лех” у першым матчы 1/4 фіналу Лігі канферэнцый
У першым матчы ў рамках чвэрцьфіналу Лігі канферэнцый „Фіярэнціна” ў Познані разграміла „Лех”. Супрацьстаянне завяршылася з лікам 4:1 на карысць гасцей. Галамі ў складзе італьянскага клуба адзначыліся Артур Кабрал, Нікалас Гансалес, Джакама Банавентура і Нанітама Іканэ. Адзіны мяч у «Леха» забіў на 20-й хвіліне нарвежскі паўабаронца Крыстафер Вельдэ.
Валейбалісткі „Мінчанкі” занялі дзясятае месца ў расійскай Суперлізе
Валейбалісткі „Мінчанкі” завяршылі выступы ў сезоне расейскай жаночай Суперлігі. Пасля заканчэння рэгулярнага чэмпіянату ў серыі да дзвюх перамог беларуская каманда аспрэчвала выніковую 9-ю пазіцыю турніру з краснаярскім „Енісеем”. Першы матч паміж камандамі адбыўся напярэдадні на пляцоўцы суперніц і завяршыўся з лікам 3:2 на карысць гаспадынь, другая сустрэча прайшла ў чацвер таксама ў Краснаярску. Сцэнар паядынку амаль у дакладнасці паўтарыў ход першай гульні. Лёс супрацьстаяння вырашыўся ў пятым сэце, дзе поспех быў на баку валейбалістак „Енісея” – 15:9.
Шаранговіч аддаў пас і зарабіў „+2” у пераможным матчы супраць „Вашынгтона” Протаса
У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Нью-Джэрсі” на выездзе перамог у авертайме „Вашынгтон” з лікам 5:4. Пры гэтым форвард трыумфатараў Ягор Шаранговіч правёў на лёдзе 14 хвілін 27 секунд, нанёс тры кідкі па брамцы і аддаў адну дзейсную перадачу. З іншага боку, наш суайчыннік Аляксей Протас з „Вашынгтона” правёў на пляцоўцы 11 хвілін 56 секунд і зрабіў два кідкі па брамцы суперніка.
Беларускае Радыё Рацыя