Баскетбалісткі „Цмокi-Менск” перамаглі „Алімпію”
Баскетбалісткі „Цмокi-Менск” выйгралі другі матч супраць гарадзенскай „Алімпіі” у паўфінальнай серыі чэмпіянату Беларусі. У другім хатнім матчы чэмпіёнкі краіны разграмілі гасцей з Гародні з розніцай у 32 ачкі – 94:62. У першым матчы мінчанкі таксама былі мацнейшыя 76:68. Такім чынам, каб выйсці ў фінал, падначаленым Андрэя Ваўлева трэба выйграць усяго адну сустрэчу. Трэці паядынак серыі да трох перамог адбудзецца 3 красавіка ў Гародні. Першым фіналістам жаночага чэмпіянату сталі баскетбалісткі „Гарызонта”, якія тройчы абыгралі ў паўфінальнай серыі „БДУ-Цмокi” – 99:42, 74:40 і 79:35.
Леўчанка стала лепшым гульцом матчу
Беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка зноў правяла ўражлівы матч у складзе грэцкага «Панацінаікаса», які разграміў «Элефтэрыю» з лікам 82:53. Леўчанка набрала 19 ачкоў і зрабіла 9 падбораў. Беларуская цэнтравая была прызнана MVP сустрэчы. Адзначым, што гэта толькі другая гульня Алены пасля двухгадовай паўзы з-за траўмы. Пасля пяці тураў «Панацінаікас» з чатырма перамогамі ў актыве займае другое месца ў чэмпіянаце Грэцыі.
„Цмокi-Менск” прайгралі „Хімкі” у матчы Адзінай лігі ВТБ
Баскетбалісты „Цмокi-Менск” пацярпелі дзявятую паразу запар у матчах у Адзінай лігі ВТБ. У сваім 19-м паядынку мінчане прайгралі на выездзе „Хімкам” з лікам 65:89. Самым выніковым у складзе „цмокаў” стаў Уладзіслаў Блізнюк, які набраў 15 ачкоў. Да гэтага падначаленыя Расціслава Вергуна святкавалі ўсяго дзве перамогі і па-ранейшаму займаюць апошняе, 13-е, месца ў табліцы „банкаўскага” турніру. Свой наступны паядынак „Цмокi-Мiнск” правядуць 4 красавіка ў Пермі супраць мясцовага клуба „Парма”.
Жлобінскі „Металург” адолеў „Юнацтва” і зраўняў лік у паўфінальнай серыі
Хакеісты жлобінскага „Металурга” абыгралі сталічнае „Юнацтва” у шостым матчы паўфінальнай серыі плэй-оф чэмпіянату Беларусі з лікам — 5:1. Такім чынам, жлобінская дружына нанесла супернікам самую буйную паразу ў плэй-оф за апошнія чатыры гады. Лік у серыі да чатырох перамог стаў 3:3. Вырашальны, сёмы паядынак каманды правядуць у Мінску.
Ілля Івашка завяршыў выступы на турніры ў Маямі
Беларускі тэнісіст Ілля Івашка, які мае 116-ы нумар сусветнага рэйтынгу, завяршыў выступы на турніры катэгорыі Masters 1000 у амерыканскім Маямі з прызавым фондам 3 мільёны 300 тысяч даляраў. У матчы другога раўнду адзіночнага разраду беларус саступіў 11-й ракетцы планеты Дзянісу Шапавалаву з Канады – 7:6 (7: 5), 4:6, 4:6. Сустрэча працягвалася тры гадзіны.
Палякі разабраліся з Андорай, Левандоўскі аформіў дубль
Зборная Польшчы на хатняй арэне перамагла каманду Андоры ў матчы групавога этапу кваліфікацыі чэмпіянату свету-2022 з лікам 3:0. Дублем адзначыўся форвард Роберт Левандоўскі, які забіў на 30-й і 55-й хвілінах сустрэчы, яшчэ адзін гол на 88-й хвіліне забіў нападнік грэцкага ПАОКа Караль Свідэрскі. Капітан зборнай Польшчы Роберт Левандоўскі не сыходзіць з поля без забітых мячоў у дзесяці гульнях запар. Усяго ў 43 гульнях сезона Левандоўскі забіў 47 мячоў. У іншым матчы групы Англія дзякуючы галам Кейна і Маунта на выездзе абыграла Албанію 2:0 і ўзначальвае групу, палякі на другім месцы з 4-ма ачкамі. Таксама адзначу нічыю ўкраінцаў у матчы з фінамі, якія пасля гола Мараеса змаглі зраўняць лік на 89-й хвіліне з пенальці. У гэтай жа групе французы адолелі казахаў з лікам 2:0. Італьянцы адправілі два мячы ў браму балгараў — 2:0. Гол Гнабры прынёс немцам перамогу ў матчы з румынамі — 1:0. З такім жа лікам швейцарцы дамагліся перамогі над літоўцамі – 1:0. Іспанія толькі ў канцы матчу даціснула Грузію 2:1 – на 90-й хвіліне перамогу іспанцам прынёс гол Дані Ольма. Данія забіла восем мячоў Малдове — 8:0.
Хэмілтан абышоў Ферстапена ў першай гонцы сезона Формулы-1
Брытанскі пілот Льюіс Хэмілтан з каманды „Мэрсэдэс” стаў пераможцам першай гонкі сезону „Формулы-1” – „Гран-пры Бахрэйна”. Другім стаў Макс Ферстапен з „Рэд Бул”, трэцім — фінскі гоншчык „Мэрсэдэс” Валтэры Ботас.
Беларускае Радыё Рацыя