Баскетбалісткі „Цмокi-Менск” перамаглі „Ліепаю”



Баскетбалісткі „Цмокi-Менск” выйгралі першы матч у новым сезоне жаночай Еўрапейскай баскетбольнай лігі (EWBL). У стартавым матчы другога тура віцэ-чэмпіёнкі Беларусі ў латвійскай Ліепаі перайгралі мясцовы аднайменны клуб 60:49. Самай выніковай у складзе мінчанак стала Рэйчэл Тэрыёт, якая набрала 20 ачкоў. Свой наступны паядынак падначаленыя Андрэя Ваўлева правядуць заўтра супраць славацкага „Янг Энджэлс” з Кошыцэ, а 3 снежня завершаць другі тур сустрэчай з чэшскай „Астравай”. 

Спартоўцы Гарадзеншчыны выйгралі камандны залік Кубка Беларусі па вольнай барацьбе

Спартоўцы Гарадзенскай вобласці выйгралі камандны залік Кубка Беларусі па вольнай барацьбе, які завяршыўся ў спартовым комплексе „Стайкі”. Прадстаўнікі рэгіёна зарабілі 195 ачкоў. Другое месца занялі „вольнікі” Менска – 190 ачкоў. Замкнула тройку наймацнейшых каманда Гомельскай вобласці – 152 ачкі. У сваіх вагавых катэгорыях перамогі святкавалі Дзяніс Салавей  з Бераставіцы ў вазе 65 кг, гарадзенцы Данііл Амельянчык  у вазе 74 кг і Андрэй Карпач у вазе 86 кг, а таксама Віталь Песняк у вазе 125 кг са Свіслачы.

Даніла Клімовіч можа не згуляць за маладзёжную зборную Беларусі

12 снежня ў Даніі стартуе маладзёжны чэмпіянат свету-2022 з удзелам зборнай Беларусі. Камандзе Сяргея Стася на гэтым турніры дапамогуць найменш сем маладых гульцоў з Паўночнай Амерыкі. На гэтым тыдні ў Мінску чакаюць абаронцу Дзмітрыя Кузьміна (OHL) і форварда Яўгена Сапельнікава (QMJHL), а ў пачатку наступнага да зборнай далучацца брамнік Іван Жыгалаў (QMJHL), абаронцы Мікіта Парфянюк (OHL) і Цімафей Каўгарэня (WHL), нападнікі Уладзіслаў Шыла і Ягор Клаўдзіеў (абодва – WHL), паведамляе Fan Zone.

Форвард АХЛаўскага „Абацфарда” Даніла Клімовіч можа не згуляць на турніры, высокая верагоднасць, што клуб не адпусціць гульца.

За адзіную пуцёўку ў эліту каманда Сяргея Стася будзе змагацца з аднагодкамі з Даніі, Венгрыі, Латвіі, Казахстана і Нарвегіі, нагадвае hockey.by. Першы матч беларусы правядуць 12 снежня са зборнай Даніі. 

Без Коласава, Кемпе і Крэйчыка

Менскае „Дынама” адправілася ў Санкт-Пецярбург, дзе сёння згуляе з мясцовым СКА. Далей у гульнявым календары „зуброў” матч з „Віцязем” у Падольску і з „Сочы”. На выезд адправіліся 25 хакеістаў. Па медыцынскіх паказаннях у Менску засталіся Аляксей Коласаў, Ігар Мартынаў, Марыё Кемпе, Антон Ліндхальм, Якуб Крэйчык. Сяргей Кузняцоў, Віталь Антановіч і Аляксандр Когалеў знаходзяцца ў размяшчэнні фарм-клубаў, паведамляе прэс-служба „Дынама”.

Матч жаночых зборных Чэхіі і Беларусі перанесены

Жаночая зборная Беларусі павінна была правесці чацвёрты паядынак кваліфікацыі чэмпіянату свету 2023 года. У суперніках у падначаленых Юрыя Малеева значылася каманда Чэхіі. Гульня павінна была адбыцца на стадыёне „Месцкі” ў Апаве, але была перанесена з прычыны станоўчых вынікаў тэсту на каронавірус у некалькіх гульцоў беларускай зборнай. Згодна з чэшскім заканадаўствам астатнія чальцы каманды павінны здаць паўторны тэст, паведамляе сайт Беларускай федэрацыі футбола, кіраўнік якой Яўген Базанаў быў напярэдадні затрыманы чэскімі ўладамі – законнасць яго перабывання ў Чэхіі стаіць пад пытаннем.

Максім Плотнікаў развітаўся з менскім „Дынама”

Беларускі брамнік Максім Плотнікаў развітаўся з мінскім „Дынама”. „У 15 гадоў з’ехаў з дому ў дарослае жыццё. І зараз, праз амаль 10 гадоў,  сыходжу з каманды, якая дала мне дарогу ў вялікі футбол, за што я ёй вельмі ўдзячны! – напісаў Плотнікаў у інстаграме. Плотнікаў правёў у „Дынама” апошнія тры сезоны. За гэты час ён згуляў у вышэйшай лізе 49 матчаў, з іх 18 на нуль, і прапусціў 51 мяч. У сезоне-2021 Плотнікаў на поле не выходзіў.

„Ювентус” „усухую” абыграў „Салернітану”

У рамках 15-га тура чэмпіянату Італіі „Ювентус” „усухую” абыграў „Салернітану” 2:0 дзякуючы галам Дзібалы і Мараты. „Аталанта” разграміла „Венецыю” 4:0 – Пашаліч аформіў хет-трык, а „Фіярэнціна” была мацнейшая за „Сампдорыю” – 3:1. „Ньюкасл” згуляў унічыю з „Норвічам” у хатнім матчы 14-га тура чэмпіянату Англіі — 1:1. „Сарокі” не змаглі здабыць ніводнай перамогі ў 14 матчах сезона.

Матч „Баварыя” — „Барселона” і яшчэ тры гульні Лігі чэмпіёнаў пройдуць без гледачоў

Матч групавога этапу Лігі чэмпіёнаў „Баварыя” – „Барселона”, які адбудзецца 8 снежня ў Мюнхене, пройдзе без гледачоў. Такое рашэнне звязана з павелічэннем колькасці выпадкаў заражэння каронавіруснай інфекцыяй у рэгіёне. З той жа прычыны без гледачоў пройдуць іншыя матчы групавога этапа Лігі чэмпіёнаў, а менавіта „Лейпцыг” — „Манчэстэр Сіці”, „Аякс” — „Спортынг”  і „Зальцбург” — ” Севілья”, паведамляе Sky Sport Italia.

Начальнік аддзела кадраў „Белавія” абраны старшынёй Беларускай федэрацыі шахмат

Начальнік аддзела кадраў „Белавія” Сяргей Сычук абраны старшынёй Беларускай федэрацыі шахмат. У штаб-кватэры НАК Беларусі адбылася пазачарговая выбарная канферэнцыя федэрацыі. Пасля абмеркавання пытанняў працы федэрацыі ў рэгіёнах дэлегаты прагаласавалі за абранне новага старшыні федэрацыі. Ім стаў Сяргей Сычук – начальнік аддзела кадраў „Авіякампаніі „Белавія”. З 2017 года федэрацыяй кіравала Анастасія Сарокіна, якая з 14 ліпеня адхілена ад пасады, і яе абавязкі выконваў першы намеснік старшыні Аляксандр Шамко, паведамляе прэс-служба Мінспорту.

Беларускае Рады Рацыя